Блоги

Дзіцячае дарослае горачка

22 февраля 2016 | 08:12

6-гадовая Ангелінка: “А с кем же мне тогда жениться?”

Неяк была ў гасцях мая шасцігадовая пляменніца Ангелінка. Яна ходзіць у дзіцячы садок і сёлета збіраецца ў школу. Ангелінка – вельмі цікаўная дзяўчынка, як і многія сучасныя дзеці, хоча шмат ведаць, імкнецца капіраваць дарослых, часта паўтараючы не толькі маміны словы, словы выхавацельніцы з іх інтанацыяй, але і перадаючы рухі тых дарослых, ад якіх пачула нешта важнае для сябе.

Пераглядала неяк я разам з Ангелінкай наш сямейны фотаальбом. На адной са старонак яна ўбачыла вясельныя фотаздымкі родзічаў і заявіла: “Я тоже жениться буду! На Диме». «Дык гэта ж твой брацік, а з брацікамі не жэняцца”, – запярэчыла я Ангелінцы. Ангелінка наморшчыла лобік, звяла броўкі, падперла ручкай галаву і дзесьці праз паўхвіліны кажа: “А с кем же мне тогда жениться?” І так цяжка пры гэтым уздыхнула, што я проста не магла не прапанаваць ёй магчымых “жаніхоў”. Кажу дзяўчынцы, што хутка яна пойдзе ў школу, будзе працягваць вучыцца далей, атрымае прафесію, тады і замуж за добрага чалавека выйдзе. Аднак малая мне ў адказ прыводзіць свае аргументы: маўляў,  як жа яна замуж пойдзе, калі ж няма за каго.

Тады ўспамінаю, што разам у групу з Ангелінкай ходзіць хлопчык Арсеній. Пра яго яна вельмі часта ўспамінае, кажа, што ён яе абараняе ад усіх, хто крыўдзіць. Ну, я і падумала, што суцешу Ангелінку, і сказала: “Ну, што ж, з табой садок наведвае Арсеній. Вось вырасцеце, можа, і пажэніцеся з ім”. Я нават і не чакала такой рэакцыі ад малой: Ангелінка схапілася абедзвюма рукамі за галаву і не заплакала, а загаласіла ў пэўным сэнсе гэтага слова: “Тётя-мамочка, а как же я за него замуж пойду, если он всех детей бьёт!” Пры гэтым слёзы так і пырснулі з яе вачэй.  Я ж адразу разгубілася, а потым пачала суцяшаць пляменніцу…

Вось і вынік: выйсці замуж за добрага чалавека яшчэ з дзяцінства мараць многія дзяўчынкі. А куды ж дзявацца дрэнным? Адказ: хутчэй станавіцца лепшым.

  • Малыя як скажуць, то смейся ці плач.