Блоги

Кіраўніцкія кадры ў Беларусі

11 марта 2016 | 08:02

Перад нашай краінай стаіць шмат праблем. Адна з найважнейшых - неабходнасць рэформаў, павышэння ўзроўню якасці вытворчасці і, такім чынам, канкурэнтаздольнасці эканомікі.

Гэта вырашальным чынам залежыць ад паляпшэння якасці працы работнікаў, гэта значыць росту іх прафесіяналізму. У найбольшай меры гэта патрабаванне адносіцца да кіраўнікоў, якія арганізуюць працу іншых людзей.

Практыка паказвае, што ў цяперашні час сярод шырокай масы працоўных, і, што асабліва небяспечна, у кіраўніцкіх кадрах - бракуе менавіта прафесіяналізму. Прычыны могуць быць розныя: чалавека паставілі «зверху», сямейныя сувязі, «блат», карупцыя… А ў выніку маем забітыя склады састарэлай, нікому не патрэбнай прадукцыі, стратныя прадпрыемствы, беспрацоўе і паламаныя лёсы людзей.

Гэта з усёй вастрынёй ставіць праблему не толькі якасці рэформаў, але і выжывання беларускай эканомікі ў цяжкіх умовах крызісу.

Што не так?

Давайце разбярэмся… Ці сапраўды ўсё так кепска ў Беларусі? Раз было сказана пра карупцыю – факты ў студыю!

Бывший директор «Полесьеэлектормаша» приобрёл оборудование через подставную фирму в 14 раз дороже реальной цены

Такія навіны ў СМІ можна знайсці дзесяткамі. Але сярод некаторых краінаў-суседзяў сітуацыя не лепшая.

Міжнародная няўрадавая арганізацыя Transparency International прадставіла Індэкс успрымання карупцыі за 2015 год (Corruption Perceptions Index 2015).[1]

107 месца ў свеце падзялілі Аргенціна, Беларусь, Кот-д'Івуар, Эквадор, Таго, на 119-м апынулася Расія, а на 130-м Украіна.

З аднаго боку – бывае і горш, а з іншага – ёсць куды імкнуцца.

Паміж молатам і накавальняй

Дык чаму ўзнікаюць праблемы з кіраўнікамі і дзяржаўнымі служачымі ў Беларусі? Няўжо такога няма, напрыклад, у Грузіі (48 месца) ці ў Польшчы (30 месца ў рэйтынгу)?

На мой погляд, простага адказу няма. З аднаго боку, кіраўнікоў ціснуць планы і загады «зверху», а з іншага – за кожнае рашэнне можа сесці ў турму. Для гэтага ёсць універсальны артукул «злоўжыванне службовым становішчам». Таму і вырашаюць многія запусціць руку ў народныя грошы – маўляў, усё адно пасадзяць, няхай хоць дзеці пажывуць. У выніку кагосці пасадзяць, а ў кагосці дзеці падрастаюць і таксама займаюць высокія пасады. І так па коле.

У Грузіі ды на Захадзе для барацьбы з карупцыяй абралі метад транспарэнтнаці і галоснасці. Хоць у іх таксама хапае праблем.

Але мы адхіліліся ад тэмы, давайце абмяркуем карупцыю і міжнародны досвед ў адным з наступных допісаў у блогу, добра?

Кадравы голад

Вернемся ў нашу родную Беларусь. А яшчэ лепей - у рэгіёны.

Сапраўдных прафесіяналаў складана не толькі вывучыць, але і ўтрымаць. Многія з'язджджаюць за мяжу, астатніх не цікавяць заробкі. Застаюцца альбо патрыёты, альбо тыя, хто па розных абставінах вымушаны працаваць у маленькім горадзе. Апазіцыю ды іншых «неправераных элементаў» да кіраўніцтва не дапускаюць. Мінус тыя, хто па спецыяльнасці альбо сваёй натуры не цікавіцца кіраваннем. Хто ж застаецца кіраваць?

Давайце па-парадку. У складзе кіраўнічых кадраў вылучаюць наступныя катэгорыі работнікаў: кіраўнікі, спецыялісты і дапаможны апарат.

Ўвядзенне гэтых катэгорый звязана з іх роляй у галоўным кіраўнічым працэсе, працэсе прыняцця і рэалізацыі рашэнняў. Кіраўнікі маюць права і абавязаны прымаць рашэнні, кіраваць іх рэалізацыяй. Спецыялісты рыхтуюць варыянты рашэнняў і ўдзельнічаюць у іх рэалізацыі. Дапаможны персанал займаецца зборам і падрыхтоўкай дакументаў, інфармацыі для кіраўнікоў і спецыялістаў. Такім чынам пабудавана сістэма кіравання. З дапаможным персаналам сітуацыя выглядае не так кепска, са спецыялістамі цяжка, але давайце засяродзім увагу на кіраўніках. У нашай краіне ўлада пабудавана жорстка вертыкальна, таму ад кіраўнікоў і іх кампетэнцыі залежыць вельмі шмат. Дзе ўзяць разумных, кампетэнтных кіраўнікоў?

Каб не было кадравага «голаду», неабходна падрыхтаваць прафесіяналаў. Цалкам відавочна, што не мы першыя да гэтага дадумаліся - гэтую праблему прадбачылі даўно ва ўсім свеце, і ў савецкія часы таксама. Вось і ў сучаснай Беларусі ў 2000 годзе па даручэнні прэзідэнта быў створаны Інстытут дзяржаўнага кіравання на базе дзеючага з 1992 года ў Акадэміі кіравання факультэта менеджменту. Быў нават створаны «Адзіны перспектыўны кадравы рэзерв Беларусі», у які былі ўключаны найбольш прыдатныя да дзяржаўнай службы людзі.

Дык у чым праблема?

На мой погляд, праблема палягае ў самім падыходзе. У гэты спіс уключаюць не па адкрытым конкурсе, прынцыпу прафесіяналізма, а на падставе асабістай вернасці, гатоўнасці выканаць любы загад. І тут справа не ў тым што гэта добра ці кепска. Проста гэта НЕ ЭФЕКТЫЎНА. Гэта значыць, ёсць пагроза, што рашэнні такіх кіраўнікоў будуць запаздалыя, не сучасныя, не здольныя канкураваць з новымі тэхналогіямі ў свеце.

З іншага боку, патрэбныя не толькі веды, але і досвед. Пажадана, сучасны досвед, а не савецкі. Сапраўдных прафесіяналаў вельмі мала. Таму і не дзіва, што час ад часу былыя кіраўнікі высокага рангу выходзяць з турмы і зноў займаюць высокія пасады.

Эфектыўнае кіраванне

Пры ацэнцы эфектыўнасці дзейнасці кіраўнічых кадраў неабходна зыходзіць з таго, што кіраванне можа разглядацца як своеасаблівая вытворчасць, прадуктам працы якога з'яўляецца рашэнне.

Паняцце эфектыўнасці кіраўнічага рашэння (у адрозненне ад яго якасці) не можа быць разгледжана ізалявана ад яго рэалізацыі. Справа ў тым, што эфектыўнасць рашэння заключаецца не столькі ў яго абсалютнай правільнасці, колькі ў тым, што, быўшы паслядоўна і ў тэрмін рэалізавана, яно, дзякуючы сваёй правільнасці, дасягне пастаўленай мэты. Такім чынам, эфектыўнасць кіраўніцкіх рашэнняў абумоўліваецца як якасцю саміх рашэнняў, так і якасцю іх ажыццяўлення.

Прасцей кажучы, можна гучна крыкнуць на падначаленых і стукнуць кулаком па сталу: «Даеш пяцігодку за 2 гады!». Але калі ты сам не плануеш гэтую пяцігодку, не маеш уяўлення, як яе выканаць і дзе ўзяць грошай, – нічога не атрымаецца.

Адной з праблем дзяржаўнага кіравання ў Беларусі ёсць тое, што ў кіраўнікоў на лакальным узроўні шмат адказнасці, але мала рэальных паўнамоцтваў. Як гэта выглядае ў рэальнасці і чаму так склалася прапаную паразважаць на наступных  старонках майго блогу.

А пакуль жадаю вам сонечнай вясны ды цудоўных кіраўнікоў!

З павагай, Віталь Каратыш

 

P.S. З задавальненнем прыйму любыя прапанаваныя тэмы для абмеркавання на старонках блогу і пастараюся адказаць на пытанні і каментары.

 
Індэкс ўспрымання карупцыі (ІУК) ацэньвае ўзровень ўспрымання карупцыі ў дзяржаўным сектары, гаворка ідзе аб палітычнай і адміністрацыйнай карупцыі. ІУК - гэта зводны індыкатар, які разлічаны на аснове статыстычных дадзеных і інфармацыі з розных экспертных крыніц, якія падаюцца міжнароднымі арганізацыямі.

 

Афиша