Блоги

Нельга лічыць сябе беларусам, калі не ведаць хоць крыху па-беларуску

15 июля 2016 | 06:25

6-гадовая Ангелінка: “Я потым прыеду і мы з табой будзем вучыць зноў беларускую мову! Добра?”

Мая шасцігадовая пляменніца Ангеліна рыхтуецца пайсці ў першы клас. Жыве яна ў Кобрыне, дзе наведвала дзіцячы садок. Бацькі Ангелінкі не размаўляюць па-беларуску.

На ўсе мае довады накшталт таго, што малая павінна ведаць і беларускую мову, сястра адказвае, што хоча, каб дзіця не было “белай варонай” і размаўляла, як ўсе дзеці ў садку,на рускай мове.

Калі Ангелінка прыязджае ў вёску да бабулі, паўсюль чуе мясцовы дыялект. “Нахапаўшыся” беларускіх слоў, яна з задавальненнем вымаўляе іх у сваіх зваротах і вітаннях. Я размаўляю з Ангелінай на роднай мове. Першыя вершаваныя радкі, якія мы вывучылі з малой, былі пра дзяўчынку-беларуску:

Я – дзяўчынка-беларуска

З васільковымі вачыма.

Хоць малая, але знаю:

Беларусь – мая Радзіма. (Пімен Панчанка.)

Гэтыя вершаваныя радкі Ангеліна часта дэкламуе. Спачатку былі цяжкасці з вымаўленнем гука [ч], сапраўднага [ч], беларускага. Зараз [ч] у яе гучыць у адпаведнасці з фанетычнымі нормамі беларускай мовы.

Наступным урыўкам, вывучаным малой, сталі коласаўскія радкі з паэмы “Новая зямля”:

Мой родны кут, як ты мне мілы!

Забыць цябе не маю сілы!

Не раз, утомлены дарогай,

Жыццём вясны мае ўбогай,

К табе я ў думках залятаю

І там душою спачываю.

Шчыра адзначу, радкі, якія ўключаны ў школьную вучэбную праграму па беларускай літаратуры, з вуснаў шасцігадовай дзяўчынкі гучаць даволі цікава.

Літаральна на днях пачалі вучыць урывак з верша “Савось-распуснік” Янкі Купалы. Вучоба давалася цяжка: прыходзілася тлумачыць дзіцяці, вакол якой у пераважнай большасці рускамоўнае асяроддзе, амаль кожнае слова верша. Нават ката Рыжыка прыйшлося пасадзіць на ўслончык і паказваць пляменніцы, дзе ў яго “кіпцік-шчыпчык”, “вушкі-слушкі”, “лапкі-драпкі” і гэтак далей.

Хутка дзяўчынка вернецца ў горад, дзе яшчэ месяц будзе наведваць дзіцячы садок. І я ўпэўнена, што, калі ў Ангелінкі пачнуцца ўрокі вуснага курса беларускай мовы, яна дакладна не будзе “белай варонай”, якая не ведае ні слова па-беларуску, не зважаючы на ўпэўненасць яе бацькоў у тым, што беларускую мову ведаць малой неабавязкова.

– Я потым прыеду і мы з табой будзем вучыць зноў беларускую мову! Добра? – на развітанне кажа Ангелінка.

– Абавязкова! – абяцаю малой.

Пра што гэты блог? Пра тое, што дзеці павінны ведаць, як мінімум, ветлівыя словы на беларускай мове яшчэ з дашкольнага ўзросту. А вучыць гэтым словам іх павінны самыя блізкія людзі – мама і тата. Якія самі павінны разумець, што нельга лічыць сябе беларусам, калі не ведае хоць крыху па-беларуску.

Loading...

Афиша