Блоги

Віталь Каратыш: Пра сям’ю, палітыку і армію

25 мая 2016 | 11:41

Дэмакратычнага лідара Віталя Каратыша прызвалі на ваенныя зборы, няглядзячы на тое, што нядаўна ў яго сям’і нарадзілася дачушка. На адтэрміноўку ваенкамат не пагадзіўся.

Віталь распавёў чытачам Медиа-Полесья пра сям’ю, палітыку і армію.

Сям’я

Час ляціць імкліва. Незаўважна праляцеў год, як я ажаніўся. І вось нядаўна ў мяне нарадзілася дачушка. Мы яе вельмі чакалі, слухалі розныя парады і чыталі разумныя кніжкі пра немаўлят. Але практыка - лепшая школа. Цяпер я ведаю, чаму маладыя бацькі мала спяць, што такое колікі, як карміць дзіцёнка і як мяняць падгузнікі.

Дзеці дадаюць адказнасці нават у большай ступені, чым дае ўзрост чалавека. З’яўляецца адказнасць не толькі за сваё жыццё, але і за сваіх блізкіх. 

Цяпер я разумею, чаму існуе абмежаванне ва ўзросце на важныя палітычныя пасады. Напрыклад, прэзідэнтам у Беларусі можна стаць толькі пасля 35 гадоў. Разумею, чаму людзі больш давяраюць сямейнаму чалавеку. Такі чалавек больш спакойны, адказны, разважлівы.

Палітыка

Маладой сям’і нялёгка. Адной жанчыне дык зусім цяжка справіцца.

Хутка выбары ў Парламент. Мая жонка ўсё выдатна разумее і падтрымлівае мяне ў палітычнай дзейнасці. Мы разам прайшлі і зборы подпісаў, і назіранні, і пагрозы…

Пасля родаў мы шчыра паразмаўлялі, ўсё абмеркавалі, і я вырашыў не прыймаць удзел у сёлетняй кампаніі. Палітыка пачакае, а маленькая дачушка - не. 

Магчыма, нехта скажа што патрэбна змагацца, ісці на выбары, працаваць з людзьмі, бо краіна ў небяспецы. Магчыма, гэта так.

Я ніколі не здраджу сваім поглядам і абавязкова стану дэпутатам. Гэта я аднойчы паабяцаў сваім выбаршчыкам. Але ў дадзеным выпадку я абіраю сям’ю. Лічу гэта адказным учынкам.
Але калі ты не займаешся палітыкай, гэта не значыць, што палітыка не займаецца табой.

Не прайшло і два месяцы ад нараджэння дачушкі, як мне прыйшла павестка з’віцца ў ваенкамат. Ну, свой доўг Радзіме я даўно аддаў, адслужыў і хавацца не збіраюся. Па тэлефоне сказалі, што з’явіцца трэба для «ўдакладнення дадзеных».

Усё ясна, ніякіх праблем. На ўсялякі выпадак узяў даведку аб нараджэнні дачкі, ваеннік ды іншыя дакументы і пайшоў у ваенкамат.

Аказалася, не ўсё так проста…

Армія

Віталь сумленна адслужыў радзіме

У ваенкамаце мяне ветліва сустрэлі, хутка знайшлі дакументы. Аказваецца, мяне збіраюцца прызваць на ваенныя зборы на месяц. Прыпадае гэтае шчасце на чэрвень - акурат пачатак кампаніі, вылучэнне ў камісіі, ініцыятыўныя групы і г.д. Тут я пачаў разумець, што ўсё гэта не проста так.

Аказваецца, пра маю дачушку ваенкамат у курсе, але гэта - не перашкода для ваенных збораў. Мне тут жа ўручылі павестку з’явіцца ў ваенкамат праз дзень. Я паспрабаваў па-чалавечы патлумачыць, што я не супраць збораў, з задавальненнем адбуду іншым разам. Дайце ж хаця б пару месяцаў, каб дачка падрасла, жонцы адной будзе цяжка. Зноў адказалі што «па закону паложана».

Ну, я ўжо не ў першы раз сутыкаюся з такімі рэчамі. На слова не веру, палез шукаць - дзе ж гэта такі закон, па якім чалавека з маленькім дзіцёнкам у армію забіраюць. Аказваецца, такі закон ёсць, але і тут не ўсё так проста. Закон аб вайсковай службе  прадугледжвае права на адтэрміноўку ад прызыва ў армію. Згодна артыкулу 32, бацька не прызываецца, пакуль дзіцяці не споўніцца 3 гады. Але прызыў на вайсковыя зборы апісаны ў  артыкуле 71, там напісана права на адтэрміноўку маюць "...военнообязанные – при наличии у них оснований для предоставления отсрочки от призыва в период мобилизации по семейному положению", а таксама па іншых сямейных альбо сацыяльных прычынах па рашэнню камісара.

Ну, каб камісару было лягчэй, я напісаў пісьмовае хадатайніцтва, дзе папрасіў прызваць мяне іншым разам на наступныя зборы.

Я да апошняга верыў, што гэта проста супадзенне, што гэта не звязана з палітыкай.

Камісар на наступны дзень даў пісьмовы адказ. Калі я зноў прыйшоў у ваенкамат, мяне выклікалі без чаргі разам з Леанідам Дубаносавым. Мы ўжо некалькі год з ім не бачыліся - а тут зноў такое супадзенне. Аказваецца, Леанід збіраецца балатавацца, таму яго таксама выклікаюць.

Цяпер я перакананы, што гэта авантура нейкай структуры зверху. Наш гарадок вельмі маленькі і цяжка нешта трымаць у сакрэце. Людзі, якія мяне падтрымліваюць, распавялі адкуль «растуць рогі» ў гэтага прызыву, распавялі нават пра тое, хто будзе балатавацца ад улады і хто будзе замест яго працаваць. 

Ваенны камісар нашага ваенкамата Уладзімір Жук даў мне пісьмовы адказ, што маленькая дачка не з’яўляецца перашкодай удзелу ў ваенных зборах. Яшчэ весела ўсміхаўся, маўляў, жонка сама справіцца. Магчыма, ён думае што па законе зрабіў усё правільна. Але я не для таго хацеў атрымаць пісьмовы адказ. 

Падсумаванне

31 мая ў 6.30 раніцы мне патрэбна з'явіцца ў сельсавет для адпраўкі ў вайсковую частку 67878. За мной нават асобна машыну прышлюць.

Мяне чакае 46-ы арсенал ракет і боепрыпасаў.

А дома чакае жонка з дачушкай.

Віталь з сям’ёй жыве ў вёсцы. Жонка застаецца адна з дзіцём, дапамагчы няма каму

Я рамантык. Усё яшчэ веру, што недзе ў кіраўніцтве знойдуцца адэкватныя людзі, каторыя зразумеюць глупства гэтай авантуры з прызывам. Адправіць мяне на зборы насуперак закона, здаровага сэнсу і маёй волі - гэта зусім не значыць пазбавіць Лунінецкі раён палітычай актыўнасці. 

Зусім наадварот. 

Я адслужыў тэрміновую службу, нават балатаваўся ў Парламент - а гэтыя няшчасныя зборы - простая дробязь. Я б і сам схадзіў іншым разам. Але вельмі крыўдна, калі цябе тычуць носам, заганяюць як статак у загон і прымушаюць рабіць дурное. Не раю так рабіць не са мной, ні з кім іншым. Мы ўсе людзі і невядома, як яно павернецца…

У любым разе, лета абяцае быць гарачым )))

Дзякуй за тое, што чытаеце мяне!
Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

 

 Аб пераменах чытайце ТУТ.

  • Віталь, аднойчы, калі я быў салдатам, адзін ваяка ў пагонах вырашыў згнаіць мяне ў сталовай, за тое, што я выказаў яму , што пра яго думаю ... перад заходам у чацвёрты нарад, я "неспадзявана" парэзаў руку, а ў сталовую з ранамі не прымаюць ... разъюшаны лыч быў у таго афіцэра, але больш у нарад па сталовай я не хадзіў .....
  • Ничего не меняется. Проходят годы, а в стране как в "счастливые застойные". Выборы по разнорядке, кандидатура по согласованию. Никакой альтернативы в мнениях. Поэтому так и живем- всеобщее одобрям. А бы чего не случилось!