Столин

30-годдзе творчай дзейнасці адзначае народны хор ветэранаў

Сёлета 30-гадовы юбілей адзначае народны хор ветэранаў «Факел» Столінскага гарадскога Дома культуры. З гісторыяй хора і яго цяперашнім рэпертуарам чытачоў Медиа-Полесья пазнаёмілі ў Столінскім ГДК. 

 

Народны хор ветэранаў «Факел» створаны пры Столінскім ГДК у 1987 годзе пад кіраўніцтвам Алены Аўсянік. Пасля яе кіраўніком становіцца Дзіна Бажко, а з 2015 года ім кіруе Адам Пазяйчук. За творчыя дасягненні, актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць, уклад у развіццё і папулярызацыю патрыятычнай песні ў 1991 годзе хору прысвоена званне «Народны самадзейны калектыў».

Кіраўніком хора доўгі час была Дзіна Бажко. Фота з архіва Медиа-Полесья

Дзіна Бажко і народны хор ветэранаў «Факел»

У час аднаго з канцэртаў

Удзельнікі хору – прадстаўнікі розных прафесій і розных поглядаў на жыццё, якія, нягледзячы на гэта, аб’яднаны творчасцю і шчырай любоўю да песні. І хоць практычна ўсе яны цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку, з нецярпеннем спяшаюцца на кожную рэпетыцыю і чарговы канцэрт хору, каб дарыць слухачам усе тыя эмоцыі, якія перадаюцца цераз песню.

– Хор ветэранаў – прыклад для многіх калектываў мастацкай самадзейнасці горада і раёна. Аснову рэпертуару складаюць песні савецкіх, беларускіх кампазітараў патрыятычнай тэматыкі. Калектыў працуе ў цеснай сувязі з мясцовымі самадзейнымі кампазітарамі і паэтамі Століншчыны. У выкананні аматарскіх спевакоў песні гучаць заўсёды яскрава, высокапрафесійна, – кажуць пра хор дырэктар Столінскага ГДК Кацярына Сакалова і яе намеснік Валянціна Сень. – З вялікім задавальненнем народны хор ветэранаў «Факел» прымае ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных  Дню Перамогі, Дню Незалежнасці нашай краіны, Дню горада, Дню сталых людзей і іншых. Калектыў на працягу многіх гадоў вядзе рэпетыцыйную і творчую дзейнасць. За час работы хорам назапашана прыкладна да двухсот песень, твораў вакальна-харавога характару, кожны з якіх адлюстроўвае гераічную старонку нашай краіны і нашага народа.

У час канцэрта з нагоды юбілейных урачыстасцей

З 2015 года кіраўніком хору з’яўляецца Адам Пазяйчук

Дзякуючы крапатлівай творчай працы «Факел» дамагаецца значных поспехаў у папулярызацыі харавога мастацтва сярод насельніцтва. Такая творчая садружнасць людзей, якія знаходзяцца ў працэсе пошуку новых фарб, новага гучання, гарантуе доўгае жыццё песні.

У перспектыўны план калектыву ўваходзяць выступленні перад жыхарамі раёна, вобласці, удзел у фестывалях і конкурсах, новыя пошукі і штодзённая праца, без якой немагчыма дасягнуць высокіх вынікаў у мастацтве.