Сёлета спаўняецца 150 год з моманту апошняга бою паўстанцаў з царскімі войскамі, які адбыўся на тэрыторыі сучаснай вёскі Калоднае Столінскага раёна.
Летам 1863 года ў ваколіцах маёнтка Калодна быў разбіты паўстанцкі атрад пад кіраўніцтвам Рамуальда Траўгута. На гэтым месцы ўсталяваны помнік, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю раёна, і крыж. За парадкам ля гэтага помніка і ля мемарыяльнай дошкі ў гонар Хелены Скірмунт, ураджэнкі маёнтка Калодна, сочаць настаўнікі і вучні мясцовай школы.
З нагоды юбілейнай даты ў гэтым месцы 13 ліпеня сабраліся жыхары вёскі і госці, каб ускласці кветкі да помніка і прыняць удзел у набажэнстве.
Старшыня Радчыцкага сельскага Савета Любоў Мікалаеўна Курак з Васілём Канстанцінавічам Дабравольскім усклалі да помніка карзіну з кветкамі. Краязнаўца і стараста в.Калоднае Міхаіл Міхайлавіч Карсека звярнуўся да прысутных і зрабіў невялічкі экскурс у гісторыю. Пасля гэтага каталіцкі і ўніяцкі святары правялі набажэнства на беларускай і польскай мовах.
Адзін з гасцей, спадар Лявон – ініцыятар устаноўкі крыжа ля помніка, прачытаў свой верш пра тое, што Бог чалавеку даў дары (Радзіму, маці, сям’ю), якія неабходна шанаваць.
На мерапрыемстве прысутнічалі і прадстаўнікі з тэлебачання: канал “Белсат”.