Столин

На Палессі ў нябыт адыходзіць гістарычная архітэктурная каштоўнасць

Час не стаіць на месцы: пакуль помнік архітэктуры – млын у адной з палескіх вёсак – зарастае бур’яном і кустамі, прадпрымальныя людзі аказваюць паслугі па перамолцы зерня на муку, падвозячы міні-млыны прама да двара заказчыка.

Забыты млын на краі палескай вёскі Калоднае

А яшчэ літаральна дваццаць гадоў таму млын у вёсцы Калоднае Столінскага раёна працаваў на ўсю моц ад ранку да вечара. Хоць зараз ён аказаўся непатрэбным і нерэнтабельным, будынак, які па сутнасці, незвычайны для нашага рэгіёну помнік архітэктуры, нават не ўваходзіць у спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці раёна. Калісьці супрацоўнікамі раённага краязнаўчага музея з аднадумцамі была зроблена спроба ўключыць яго ў гэты спіс, аднак яна аказалася безвыніковай.

Цікаўныя толькі зазіраюць у будынак праз выбітыя вокны і дзверы, а самыя дапытлівыя рашуча заходзяць у памяшканне

Каладнянскі млын – цікавы турыстычны аб’ект

Сцены млына вытрывалі і працу, калі жорны яшчэ круціліся на карысць вяскоўцам і жыхарам суседніх населеных пунктаў, і здзекі тых, хто расцягваў млынарнае дабро на ўласныя патрэбы. Яны і цяпер стойка трымаюцца насуперак усім прыродным стыхіям. На жаль, такі будынак аказаўся нікому непатрэбным. Аднак і цяпер ён з’яўляецца цікавым аб’ектам архітэктуры, паглядзець які на ўласныя вочы прыязджаюць спецыяльна турысты, што цікавяцца гісторыяй Століншчыны. Існуе экскурсійна-пазнаваўчы турыстычны маршрут “Па старажытнай Тураўскай зямлі”, шлях якога з Пінска да Турава пралягае якраз цераз Калоднае. Падчас наведвання былой сядзібы Скірмунтаў у гэтай вёсцы і ўпамінаецца млын.

Пра гісторыю і ўнікальнасць каладнянска млына

Гісторыя каладнянскага млына цікавая, нягледзячы на тое, што мае сумнае заканчэнне. Былы дырэктар Каладнянскай школы, краязнаўца Міхаіл Карсека падзяліўся з Медиа-Полесьем гісторыяй з’яўлення гэтага млына (мельніцы, як называюць яго мясцовыя жыхары) у Калодным.

Усё пачалося ў канцы ХІХ стагоддзя. Валасны пісар з Навагрудка Якаў Іванавіч Сазановіч стаў ініцыятарам пераезду людзей з Навагрудчыны на Палессе ў  маёнтак Калодна (былая ўласнасць Скірмунтаў). 1888 год стаў годам заснавання вёскі Калоднае. І ўжо, прыкладна ў 1900 годзе, Якавам  Сазановічам на тэрыторыі былой панскай сядзібы пабудаваны млын. У 1919 годзе ўладальнік млына пайшоў з жыцця, а яго справу прадоўжылі сын і ўнукі.

Ксенафонт Сазановіч у 1923 годзе з аднавяскоўцам Васілём Яваровічам і Васілём Шаўчэнка з Дзераўной арганізаваў таварыства для сумеснага стварэння паравога млына. У той час у вёсцы некаторыя гаспадары мелі ветраныя млыны: Васіль Мазала, Васіль Яваровіч, Іван Лічко. Таварыства пабудавала паравы млын з лакамабілем у 12 конскіх сіл. Пры млыне працавала крупарушка. Перавага гэтага млына ў параўнанні з ветравымі была ў магчымасці працаваць у любое надвор’е. У 1927 годзе да лакамабіля падключылі малатарню і сталі малаціць збожжа. У 1932 годзе стары лакамабіль заменены на новы. Паравы млын Ксенафонта Сазановіча працаваў да 1936 года.

15 снежня 1936 года сыны Ксенафонта, Георгій і Сяргей, пазычыўшы ў людзей грошы, пабудавалі новы млын, больш прадуктыўны. Ён размясціўся на ўскраі вёскі,  якраз там, дзе знаходзіцца і па сённяшні дзень: каля дарогі, якая ішла на Пінск цераз Калоднае. Зараз яна пралягае паралельна сучаснай аўтадарозе ў напрамку Столін-Пінск, і млын восенню і зімою добра відаць з шашы. Дарэчы, Георгій вучыўся на спецыяльных курсах у Варшаве, дзе засвоіў законы тагачаснага праектавання і будаўніцтва аб’ектаў. Вось адкуль у Калодным такі млын.

Від каладнянскага млына нагадвае гаспадарчыя пабудовы ў суседняй Польшчы

Будынак зроблены на бетонным фундаменце, мае драўляны каркас, сцены якога запоўнены белай цэглай. Цікава, што да гэтага часу каркас бясхознай пабудовы не прагніў, не струхлеў і не разваліўся. Цэглу куплялі ў Гарадной, драўніну выкарыстоўвалі мясцовую. Паколькі месца пад будаўніцтва было выбрана балоцістае, то прыйшлося рабіць насып. А каб вада не затапляла, вакол млына выкапалі глыбокую канаву, дно якой для трываласці выклалі цэглай. Праект быў распрацаваны такім чынам, што памяшканне пры рабоце млына вібрыравала, але не пашкоджвалася. Старажылы лічаць, што будаўніцтва вялося ў 1930 годзе, а дакументы сцвярджаюць, што млын пачаў працаваць у 1935 годзе.

У самым вялікім памяшканні млына знаходзіліся і знаходзяцца цяпер жорны

Колішнія жорны засталіся без працы

Млын працаваў на газагенератары. Ён быў вельмі запатрабаваны сярод насельніцтва. З цягам часу там зрабілі прыстасаванне для часання воўны, сталі рэзаць дошкі на цыркулярцы. У левай частцы млына стаяў лакамабіль, ад якога ішоў вялікі вал. Яшчэ ў адным памяшканні знаходзілася ваўначоска.

Заглянем ў падвальнае памяшканне

У падвале млына

Унікальнасць гэтага млына ў тым, што на адным валу можна было выконваць  не менш пяці розных аперацый: малоць збожжа, рабіць крупы, ціснуць алей, часаць воўну, пілаваць дошкі і інш.

У будунку млына

Аднак неўзабаве пачалася Вялікая Айчынная вайна. Млын не працаваў. Вядома, што ў час вайны немцы, калі адступалі, забралі і вывезлі частку абсталявання млына. Паколькі млын не працаваў, малоць збожжа людзі вазілі ў вёску Рухча. Пасля вайны Еліферый Лічко і Георгій Сазановіч прыклалі ўсе намаганні, каб аднавіць недастаючыя дэталі і ўзнавіць работу млына. Млын зноў запрацаваў.

Яшчэ адно памяшканне млына, у якім засталася аснова ад абсталявання

У хуткім часе яго нацыяналізавалі і перадалі ў Столінскі райпрамкамбінат, а затым аддалі калгасу. Малолі тут збожжа і для калгаса, і для насельніцтва. З цягам часу перавялі на электрычную цягу, а лакамабіль адправілі на металалом.

Пасля аб’яднання радчыцкага і фядорскага калгасаў у эканамічных мэтах было прынята рашэнне спыніць працу каладнянскага млына. Праца ў млыне спынілася, ён быў разрабаваны і засталося тое, што маем на гэты час.

Дах трымаецца. Дзе-нідзе асыпалася чарапіца і відаць неба

Гэта сапраўдная культурная каштоўнасць, але, на жаль, бясхозная. Такія архітэктурныя збудаванні, па словах гісторыкаў, сустракаюцца на Беларусі рэдка. Што датычыцца Століншчыны, то вядучы метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны раёна Аляксандр Марушка пацвярджае наяўнасць толькі адной такой пабудовы ў Столінскім раёне – у Калодным.

Шкада, што такая спадчына не патрэбна нікому і паступова разбураецца ад дажджу, ветру, снегу і нядобрых людзей.

Loading...
  • У гэтай вёсцы яшчэ ёсць магіла Рамуальда Скірмунта, якога забілі бальшавікі. У 90-х там людзі за свой кошт (без дапамогі дзяржавы) усталявалі вялікі крыж.
  • " Не у забаве пачалася ВАВ" У 1939р пачалася другая сусветная вайна! Наивно читать у автора что отступающие немецкие войска что-то украли с мельницы в страну ядерных и ракетных технологий. Пишут вот так по наитию, штампами..
  • У гэтай вёсцы яшчэ ёсць магіла Рамуальда Скірмунта, якога забілі бальшавікі. У 90-х там людзі за свой кошт (без дапамогі дзяржавы) усталявалі вялікі крыж.
  • 13
    Важная тема.