Столин

Альманскі хлопец за сезон збірае каля дзвюх тон журавін

У чацвёрты раз свята ў гонар журавін прайшло ў вёсцы Альманы, што на Століншчыне.

Упершыню яно адбылося ў 2011 годзе ў Альманах, у вёсцы, жыхары якой спрадвеку збіралі і збіраюць карысную ягаду ў Альманскіх балотах. Збіраюць журавіны не толькі альманцы. За ягадай у балота штовосень накіроўваюцца палешукі з многіх вёсак Століншчыны. Збіраюць людзі журавіны не толькі для сябе, але і для таго, каб прадаць. Дзякуючы ягадзе вяскоўцы  маюць дадатоковы заробак.

Людміла Гарагляд з Рэчыцы за сезон прыкладна збірае каля 250 кг. Жанчына кажа, што гэта вельмі мала ў параўнанні з тым, колькі збіраюць іншыя людзі

Альманец Іван Шубіч за сезон збірае 400-500 кг журавін. «На сям’ю збіраю, – кажа ён. – Нават  калі з завязанымі вачыма ў балота завядуць, то і тады дарогу дамоў знайду»

21-гадовы Раман Дзенісовіч за восень збірае дзве тоны журавін. Заробленыя грошы пойдуць на набыццё аўтамабіля. На свяце хлопца адзначылі як самага маладога зборшчыка ягад

Святочная праграма пачалася з тэатралізаванага шэсця ў накірунку святочнай сцэны, што размясцілася на пляцоўцы каля мясцовага Дома культуры. 

Святочнае шэсце. Фота І. Дзенісовіч

Фота І. Дзенісовіч

Танцы, песні, частаванне стравамі з журавін, выставы-продажы вырабаў самадзейных майстроў, выставы бібліятэк, Дома народных рамёстваў, сельскіх Саветаў, цэнтра турызму, заказнікаў “Сярэдняя Прыпяць” і “Альманскія балоты” і іншыя.

Частавалі пірагом з журавінамі ўсіх. Фота І. Дзенісовіч

Фота І. Дзенісовіч

Старшыня Стружскага сельсавета Ніна Ліпскае ўзнагароджвае жыхароў Альман

Творчы калектыў з Піншчыны на свяце журавін у Альманах

Працавалі гандлёвыя рады і атракцыёны. Упершыню ў межах свята прайшоў конкурс фотаздымкаў краявідаў Альманскіх балот. Пераможцамі сталі Наталля Дзенісовіч і Ганна Сярэдзіна.

Выступаюць госці з Лунінеччыны

Стравы з журавін на любы густ

Гараднянскія грыбочкі

Выстава прац Фядорскага Дома народнай творчасці

Альманцы

Можна было купіць журавіны па 3 рублі 50 капеек

Тут можна ўбачыць свята журавін  у Альманах у 2013 годзе і фотарэпартаж са свята журавін у 2015 годзе. У наступны раз свята ў гонар журавін пройдзе праз два гады – у 2019 годзе. 

ДАВЕДКА МП

Ідэя свята журавін на Століншчыне належыць вядучаму метадысту Столінскага райметадцэнтра Ніне Лісавец. Яна нарадзілася ў Альманах, дзе з малых год разам з родзічамі і аднавяскоўцамі збірала журавіны. Падчас вучобы дзяўчына напісала дыпломную работу па свяце журавін. У мясцовым аддзеле культуры было вырашана выкарыстаць працу Ніны Лісавец і арганізаваць свята журавін менавіта ў Альманах, тым больш, што Альманы знаходзяцца практычна ў цэнтры Альманскіх журавінавых балот.