Столин

Беларусы святкуюць Дзень беларускай пісьменнасці і друку

Дзень беларускай пісьменнасці і друку адзначаюць у Беларусі сёння, 3 верасня. Святочныя мерапрыемствы прымае Полацк.

З нагоды свята ў Столінскім райвыканкаме адбылася сустрэча, прысвечаная Дню беларускай пісьменнасці і друку і 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Арганізатары мерапрыемства: Столінскі раённы савет ветэранаў і Столінскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў.

Вядучая сустрэчы – Валянціна Мірановіч. Яна ўручыла прысутным падарункі ад райсавета ветэранаў

Удзельнікі круглага стала

За круглым сталом сабраліся ветэраны працы, настаўнікі, якія выкладалі беларускую мову і літаратуру ў школе, а цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку, а таксама тыя настаўнікі, якія вучаць у школе роднай мове дзяцей зараз, настаўнікі пачатковых класаў, моладзь.

Старшыня раённага савета ветэранаў Валянціна Мірановіч і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Міхаіл Карплюк павіншавалі прысутных з Днём беларускага пісьменства і Днём ведаў, пажадалі прысутным здароўя, шчасця.

Міхаіл Карплюк уручыў кветкі ўдзельнікам круглага стала

Удзельнікі круглага стала гаварылі пра стан роднай мовы ў Беларусі, пра адносіны да яе сёння. Настаўнікі расказалі, як яны вучаць дзяцей беларускай мове, пра мерапрыемствы, што ладзяцца ва ўстановах адукацыі, праз якія школьнікі далучаюцца да народнай культуры праз беларускае слова. Шмат гаварылі пра беларускую літаратуру, якая займае годнае месца сярод літаратур свету. Абмеркавалі праблему, якая звязана з тым, што далёка не ўсе жадаюць гаварыць па-беларуску і, наогул, не выкарыстоўваюць родную мову ў жыцці.

Любоў да роднай беларускай мовы трэба прывіваць дзеткам з маленства, а рабіць гэта павінны ў першую чаргу іх бацькі.  Бо як, не ведаючы і не карыстаючыся хоць крыху беларускай мовай, забыўшыся на яе, можна лічыць сябе беларусам?

Фрагменты выставы, прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, у Столінскім раённым вучэбна-метадычным кабінеце аддзела адукацыі, спорту і турызму

У Столінскім раённым вучэбна-метадычным кабінеце аддзела адукацыі, спорту і турызму падрыхтавалі віртуальную экскурсію «Ён сеяў мудрасці зярняты, каб свет пазналі землякі», прысвечаную дзейнасці Францымска Скарыны і з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Матэрыялы віртуальнай экскурсіі могуць узяць настаўнікі школ раёна і выкарыстоўваць яе ў сваёй працы з вучнямі.  

ДАВЕДКА МП

Дзень беларускай пісьменнасці і друку праводзіцца кожны год у першую нядзелю верасня. Упершыню свята адзначылі ў 1994 годзе ў Полацку. У 2017 годзе сталіцай свята зноў стаў старажытны Полацк – родны горад беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны.

6 жніўня 1517 года ў Празе ўбачыла свет адна з кніг Бібліі на старажытнабеларускай мове – «Псалтыр», якую выдаў Францыск Скарына. Менавіта гэта дата лічыцца днём нараджэння беларускага кнігадрукавання.