Столин

Гісторыя паляшучкі, якая стварыла ў ЗША першы дакументальны фільм пра беларускія песні

Беларуска са столінскімі каранямі, якая ўжо некалькі гадоў жыве ў ЗША, стварыла дакументальную стужку пра беларускі фальклор “Песні старой Еўропы – старажытныя беларускія народныя песні”.

Вольга Дземка. Фота са старонкі ў ФБ

Фільм, галоўнымі акцёрамі якога сталі звычайныя вясковыя бабулі-паляшучкі, захавальніцы песеннай спадчыны, ужо прызнаны лепшым на міжнародным фестывалі CIFF у Канадзе.

Пра сябе і пра тое, як ствараўся фільм, яго рэжысёр, прадзюсар і сцэнарыст Вольга Дземка распавяла Медиа-Полесью.

Паляшучка, якая жыве ў Амерыцы

– Вольга, пайшоў другі дзясятак гадоў, як пераехалі ў ЗША, дзе цяпер жывяце і працуеце. У прыватных размовах пра Беларусь не раз узгадвалі, што яркія дзіцячыя ўспаміны звязаны менавіта з Палессем. Расскажыце пра гэта.

– Хоць я нарадзілася і вырасла ў Мінску, часта мая сям’я прыязджала ў вёску Вялікі Малешаў, што ў Столінскім раёне. Бабуліну старую хату ўжо разбурылі і закапалі. Самыя цёплыя ўспаміны: дзядуля калыша мяне ў калысцы для немаўлятак і сварыцца, што паламаю, але ўсё роўна калыша (калыска зроблена з галінак і грубай тканіны, падвешана да столі, а каб дзіцёнку было ўтульна, то падмошчвалі старым кажухом). Печка і малыя вакенцы, а паміж рамамі – вата і цацкі з упрыгожваннямі, якія вельмі хочацца адтуль забраць, і на якія глядзіш уначы, калі заснуць не можаш. Вышываныя і павітыя рушнікамі біблейскія вершы, якія вісяць у куце, дыван маляваны з аленікам. Калі сталейшая была – размовы з дзедам.

– Ці лічыце сябе паляшучкай?

– А то! Нават калі здымкі ладзіла, то бабулі не верылі, што я з Амерыкі прыляцела.

– Чым яшчэ займаецеся па жыцці акрамя здымак? Любімы занятак? Як праводзіце вольны час?

– Перакладамі займаюся і фота-відэаздымкамі. Любімы занятак – з дзіцём у пяску на беразе заліва калупацца, калі надвор’е добрае. Лепш за ўсе тэрапіі. А вольнага часу няма амаль зусім. Можа, гэта і лепш.

Любоў да народнай песні вылілася ў дакументальны фільм

– Бабуля спявала толькі калыханачкі, але, напэўна, гэтага хапіла, бо любоў да песні крочыць са мной па жыцці, – кажа Вольга Дземка. – Канешне, ніякага абрадавага сэнсу я ў песню не ўкладаю, але для мяне народная песня, як бы гэта банальна не гучала, – сувязь з зямлёю, дзе я нарадзілася і гадавалася, з маімі бабуляй і дзядуляй, хаця іх ужо даўно няма на свеце.

Вольга спявае з дзяцінства. З пачатку ў шматлікіх харах, а з 18-ці гадоў – сярод выканаўцаў фолк-гурта Guda. Пасля пераезду ў ЗША дзяўчына нават арганізавала там фальклорны калектыў.

Вольга спявае ў складзе гурта

– Самую любімую песню пачула ў запісе: “А сыдзіцесь, качачкі, у кучку”.  Яна таксама ў фільме ёсць. Дзяўчына выглядае на дарогу: ці йдзе ўжо яе міленькі. Сугуччы ў песні фенаменальныя. Яшчэ адна з самых любімых – “Не хоі, козачэ” з альбома Троіцы “Спадчына загінуўшых вёсак” (таксама ўвайшла ў фільм). І яшчэ, напэўна, з дзясятак. Усе любімыя, – смяецца малады рэжысёр-дакументаліст.

У 2010 годзе Вольга скончыла Інстытут мастацтваў горада Сіэтла па спецыяльнасці “Камерцыйны фатограф”, прымала ўдзел у шэрагу конкурсаў і выстаў, у 2011 годзе працягвала навучанне ў гэтай жа ўстанове па спецыяльнасці “Стварэнне лічбавых фільмаў і відэавытворчасць”. Маладая жанчына працавала прадзюсарам, рэжысёрам, асістэнтам рэжысёра і аператарам-пастаноўшчыкам у шэрагу кароткаметражных фільмаў, рэкламных ролікаў і музыкальных кліпаў. Вучоба ў інстытуце і стала моцным штуршком для стварэння дакументальнага фільма пра беларускі фальклор “Песні старой Еўропы – старажытныя беларускія народныя песні”. Гэты фільм стаў першай кінастужкай пра беларускі фальклор, якая выйшла ў ЗША. 

–  “Песні старой Еўропы – старажытныя беларускія песні" – гэта 60-хвілінны дакументальны адукацыйны фільм на англійскай і беларускай мовах, – расказвае рэжысёр фільма. – Стужка пазнаёміць гледачоў з прыгажосцю старажытных беларускіх народных песень, у ім адлюстраваны кадры з экспедыцый з запісамі спевакоў з вёсак Беларускага Палесся (Дзятлавічы, Тонеж, Слабада, Стадолічы). Сюды ўвайшлі інтэрв'ю з Алегам Хаменкам,  Іванам Кірчуком, Тамарай Варфаламеевай, Сяргеем Траццяком і іншымі. У фільме вызначана прычына ўнікальнасці беларускіх народных песень, іх паходжанне,  аб чым яны, спецыфіка тэхнікі выканання, а галоўнае тое, што глядач пачуе, як беларускія народныя песні гучалі больш за тысячу гадоў таму: падчас мантажу фільма былі ўжыты 102 музыкальныя кампазіцыі і песні. Старажытныя беларускія песні насілі рытуальны характар, іх выконвалі з пэўнай мэтай. Тэхніка выканання называецца “голасны спеў”. Ёю нашыя продкі валодалі амаль з нараджэння. Зараз яны здаюцца дзіўнымі і цяжка ўспрымаюцца, але іх незвычайная энергетыка яскрава распавядае аб вельмі нялёгкім жыцці нашых продкаў.

Жыццё не стаіць на месцы, і, як адзначае Вольга Дземка, пройдзе адзін дзясятак гадоў, распачнецца другі, бабулі ж, якія яшчэ памятаюць і спяваюць тыя песні, сыдуць з жыцця, а ўслед за імі паступова знікнуць і самі песні. Таму, пакуль ёсць магчымасць захаваць гэта, патрэбна прыкласці ўсе намаганні.     

Праца над фільмам атрымалася і прыемнай, і напружанай

– Самым складаным было апрацаваць этнаграфічны матэрыял, які мне дапамаглі знайсці нашы навукоўцы з Беларусі, і вызначыць, што, дзе, як і ў якой паслядоўнасці рабіць, а потым сцэнар напісаць. Калі вызначыла сегменты і пра што будзе гаворка, усё стала на свае месцы: калі ведаеш, што дакладна трэба рабіць, усё астатняе – справа часу. Што замінала больш за ўсё, дык гэта адсутнасць грошай, але крыху-пакрыху і гэта перасілілі, – узгадвае Вольга Дземка.

Вольга ў час творчай экспедыцыі па Палессі

На стварэнне фільма пайшлі ўсе сабраныя за папярэднія гады грошы самой Вольгі, у дадатак прыйшлося ўзяць крэдыт у банку. Спонсараў прыцягнуць не ўдалося. Частку сродкаў атрымалася сабраць праз краўдфандынг, а яшчэ дапамаглі родныя і проста знаёмыя людзі:

–  Без падтрымкі родных стужкі б не было дакладна. Муж мусіў быць і мамуляй, і татуляй, бабулі дзіця глядзелі, пакуль я над мантажом працавала. Брат стрыечны мне падчас здымак у Беларусі амаль на месяц пазычыў сваю машыну, без якой я б нічога і нікуды не паспела. Незнаёмыя людзі не толькі грашыма дапамагалі праз краўдфандынг, а літаральна ва ўсім: дапамагалі замаўляць памяшканні для запісу інтэрв’ю, шукаць абсталяванне, згаджаліся ўдзельнічаць у здымках. Над фільмам шчыравала каманда прафесіяналаў, кожны з якіх рабіў мне вялікую паслугу яшчэ і тым, што працаваў не за поўны заробак. Вельмі ўдзячна ўсім, хто дапамагаў.

Дзятлавічскіх прыгажунь, якія сталі галоўнымі зоркамі фільма, Вольга пабачыла на юцюбе: нехта зняў іх на тэлефон падчас выканання. Яна папрасіла свайго прадзюсара і сябра, кіраўніка калектыву  Guda, Вікторыю Міхну, знайсці іх каардынаты. Так іх і запісалі: з рэйкамі, святлом, рабілі па некалькі дубляў для кожнай песні, каб потым кадры ўсталі добра падчас мантажу. Другія гурты рэжысёру дапамаглі знайсці беларускі этнамузыколаг Любоў Сівурава і журналістка Рэгіна Гамзовіч, вызначылі, каго было б варта запісаць, параілі вёскі і калектывы.

Яўгенія Дзмітрыеўна Гопта (1933 года нараджэння), кіраўнікі гурта =Світанак= Мікалай і Алена  Яскевічы

Пасля заканчэння працы над фільмам Вольга асабіста прыязджала да выканаўцаў у Беларусь, каб паказаць стужку.

– Усе бабулі і дзядулі сталі нібыта сваімі за гэтыя гады. Яны – адзіныя захавальнікі не толькі беларускіх народных песень, але і традыцый: да гэтага часу самі шыюць сабе этнічнае адзенне, а іх ложкі ўпрыгожаны вышытымі посцілкамі і навалачкамі, – дзеліцца ўражаннямі Вольга Дземка.  – Якаў Калеснік са Стадолічаў Лельчыцкага раёна адразу ж узгадваецца. Напэўна, з-за яго вельмі незвычайнай манеры выканання і вельмі высокага голасу. На жаль, паўтары гады таму ў яго здарыўся інсульт, зараз ён больш не спявае, а калі глядзеў на сябе ў фільме, вельмі смуткаваў, бо там ён мог спяваць, а зараз ужо не.

Якаў Афанасьевіч Калеснік (1938 года нараджэння) з вёскі Стадолічы

На стварэнне фільма пайшло практычна пяць гадоў напружанай і цікавай працы цэлага калектыву пад кіраўніцтвам маладога кінарэжысёра-дакументаліста. Рэжысёр лічыць, што сілы працаваць давала тое, што пра наш гэты скарб беларускі, пра песні нашыя ніхто амаль і не ведае:

– Нават у Беларусі людзі не ведаюць. Зараз фолькнакірунак узяў моц. Гэта і правядзенне шматлікіх фальклорных фестываляў, той жа ж “Камяніцы”, напрыклад. А гадоў дзесяць таму яшчэ фольк быў не ў мэйнстрыме.

Моманты здымак фільма

Вольга Дземка імкнулася да таго, каб фільм пабачылі як мага больш людзей. Таму і  зараз яна працуе ў гэтым накірунку, дасылаючы фільм для ўдзелу ў розных фестывалях:

– Чым больш пра яго ведаюць, тым больш верагоднасці, што тэлевізійныя каналы зацікавяцца, а там паглядзяць і людзі, якія, напэўна, у інтэрнэце нешта такое шукаць і не сталі б.

Дзе можна ўбачыць фільм

У інтэрнэце ў вольным доступе можна паглядзець толькі трэйлер фільма. Убачыць яго, а таксама асобныя кадры з яго магчыма і на сайце праекта.

Сам фільм у вольным доступе з’явіцца не раней, чым праз год, бо пакуль прымае ўдзел у фестывалях, а па іх умовах ён не можа дэманстравацца шырокай аўдыторыі. Заяўка на ўдзел у адным фестывалі каштуе каля 60 даляраў ЗША, але не гарантуе ўдзелу ў ім. Прасачыць за яго лёсам можна на сайце www.belarusian-songs.com.

Рэжысёр не спадзяецца, што затраты на фільм вернуцца. Вольга Дземка будзе ўдзячная, калі нехта зацікавіццца стужкай і заплаціць за скачванне фільма.

– Навошта глядзець пірацкую копію ў дрэннай якасці? Хай глядзяць бясплатна ў добрай! – адзначае рэжысёр фільма і дадае: Гэты фільм – напамінак аб маёй бабулі, аб усіх нашых бабулях. Я ўклала ў праект шмат сіл і часу і вельмі рада, што змагла яго завяршыць.

Афиша