29 сентября 2020, вторник04:06

Культура

Хлопчык з Рэчыцы даследаваў творчасць свайго дзядулі

20 апреля 2018, 7:21

Пра тое, што адбываецца, калі талент і цікаўнасць жывуць побач, чытайце на Медиа-Полесье.

Дзядуля чацверакласніка з Рэчыцы Андрэя Багаткі – унікальны чалавек. А ўнікальнасць заключаецца ў яго творчай адметнасці. Павел Паўлавіч Кулік з вёскі Ніжні Церабяжоў –  таленавіты мастак і скульптар, разьбяр па дрэве і будаўнік, паэт і выканаўца ўласных песень. А яшчэ гэта цудоўны муж, добры бацька і самы лепшы дзядуля.

Вось і вырашыў Андрэй разам з аднакласнікамі і настаўніцай Галінай Васільеўнай Ціпух даследаваць творчасць дзядулі Паўла. У выніку атрымалася грунтоўная даследчая праца «Прыгажосць душы майго дзядулі», якая паспяхова была прэзентавана на раённым конкурсе даследчых работ малодшых школьнікаў «Я – даследчык».

Праца Андрэя, як і творчасць яго дзядулі, высока ацэнена і стала адной з лепшых работ па выніках конкурсу. Пра тое, як узнікла ідэя аб’ектам даследавання выбраць творчасць палешука, і як вялася праца, карэспандэнт Медиа-Полесья высвятляла ў юнага даследчыка, яго настаўніцы і дзядулі.

Выступленне Андрэя Багаткі на канферэнцыі. Справа трымаюць карціну, якую ён напісаў пад кіраўніцтвам дзядулі

Паэт-песеннік

Як адзначае Галіна Ціпух, калі з вучнямі было прынята рашэнне правесці даследаванне, доўга з выбарам тэмы не вагаліся. Ідэя ўзнікла адразу: ёсць такі цудоўны чалавек – чым не тэма?

– Праца вялася вельмі доўга, – расказвае Галіна Ціпух. – Матэрыял для работы старанна назапашвалі. Значную дапамогу аказала мама Андрэя, Інэса Паўлаўна. Менавіта яна перадала нам сямейныя архівы дзядулі і бабулі Андрэя – Паўла Паўлавіча і Алены Герасімаўны, а таксама матэрыялы з перыядычных выданняў, дзе ў розныя гады друкаваліся артыкулы пра Паўла Паўлавіча і яго вершы. 

Нечаканым сюрпрызам для Паўла Паўлавіча Куліка стала праца ўнука, якую яму прэзентавалі ў дзень нараджэння.

– Дзед, расчуліўшыся, аж заплакаў, – узгадвае яго дачка Інэса. – А надрукаваны намі зборнік вершаў бацькі стаў для яго падарункам, якому няма цаны.

У паэтычны зборнік «Ты, зямліца мая, –  паляшуцкі вянец…» увайшлі паэтычныя творы Паўла Куліка, якія друкаваліся на старонках розных перыядычных выданняў у розныя гады.

Вокладка і адна са старонак зборніка

Гэты зборнік – адзін з вынікаў плённай работы пачынаючага даследчыка Андрэя і ўсіх, хто зрабіў свой уклад у такую важную справу. Пакуль ён застаецца першым і адзіным паэтычным зборнікам Паўла Куліка. Няхай ён і невялікі па аб’ёму, няхай выйшаў даволі малым тыражом, аднак для паэта ён назаўжды застанецца знакавым.

Фрагмент з даследчай працы Андрэя Багаткі:
Першыя пробы пяра адбыліся ў дзядулі яшчэ ў школе. Заўсёды не хапала часу чытаць літаратуру: у вёсцы ў кожную пару года працы хапае, вось і папрасіў дазволу пісаць сачыненні вершамі. Заўсёды атрымліваў па змесце «выдатна», а за памылкі – «добра». Першыя крокі ў складанні вершаў падтрымалі сябры. Менавіта яны гаварылі, што атрымліваецца нядрэнна, і тым самым падштурхоўвалі аўтара да ўдасканалення здольнасцей. Пісаў дзядуля і ў арміі. Калі прызвалі на перападрыхтоўку, для строю спатрэбілася песня. Звярнуліся да яго. Праз некаторы час ужо маршыравалі пад песню «Салдат запаса» на словы і музыку майго дзядулі.

Сапраўды, многія вершы Паўла Куліка (а вершаў каля дзвюх соцен набярэцца!) сталі песнямі. Напрыклад, ён з’яўляецца аўтарам слоў і музыкі гімна Столінскага раёна «Столінскі край». А яшчэ дзве песні доўгі час знаходзіліся ў рэпертуары музычнага дуэта пад кіраўніцтвам Аляксандра Велясніцкага і гучалі на многіх вяселлях, сваёй душэўнасцю і глыбокім сэнсам пранікаючы ў сэрцы слухачоў. Як кажа сам выканаўца, і цяпер па просьбах слухачоў з задавальненнем выконвае гэтыя песні. Некалькі гадоў таму ў Столінскім ГДК некаторыя з песень Паўла Куліка былі запісаны на касету.

Тая самая касета, на вокладцы якой фотаздымак аўтара і выканаўцы песень

– Як нараджаюцца вершы? – пытаюся ў паэта.

– Проста з’яўляюцца ў галаве, – кажа Павел Паўлавіч. – Вось выйду на падворак, пагляджу навокал – і верш пра вёску, пра родную зямлю ўзнікае сам па сабе.  

Павел Кулік з Аленай Герасімаўнай, дачкой Інэсай і ўнукамі Сашам і Андрэем. Старэйшы сын Віталь з дзецьмі жыве ў Мінску

Мастак

Прыгажосць роднай зямлі, любага сэрцу Палесся Павел Паўлавіч перадае не толькі ў вершах і песнях, але і ў жывапісе. Жывапіс – яшчэ адно з захапленняў гэтага таленавітага чалавека. Не маючы профільнай адукацыі (па спецыяльнасці Павел Кулік – аграном, аднак ніколі ў жыцці ім не працаваў), Павел Паўлавіч піша цудоўныя пейзажы і партрэты, адлюстроўваючы ў іх усе тыя вобразы, што ўзнікаюць у яго галаве.

– З дзяцінства марыў стаць ці паэтам, ці мастаком. Аднак, па парадзе бацькоў пайшоў вучыцца ў Ляхавіцкі аграрны тэхнікум. Скончыў. Аграномам не працаваў ні дня, – расказвае Павел Кулік.

Дом Кулікоў – сапраўдная карцінная галерэя

Тут мастак напісаў копію карціны адпаведна яе сапраўдным памерам

Як нарадзіўся Павел Кулік, так і жыве ў Ніжнім Церабяжове. Паляшук кажа, што без сваёй малой радзімы проста жыць не можа, таму ніколі не імкнуўся куды-небудзь выехаць са сваёй зямлі. Працоўная дзейнасць Паўла Куліка заўжды звязана з творчасцю. На яго рахунку больш за сотню карцін. А на іх – родныя ваколіцы, блізкія і дарагія сэрцу людзі, самыя яркія ўспаміны маленства.

Маленькі Павел у цэнтры фотаздымка. Талент, лічыць Павел Кулік, перадаўся яму ад яго дзядзькі, што на гэтым партрэце. Дзядзька быў бібліятэкарам і вельмі творчым чалавекам

Павел Кулік ля партрэта Уладзіміра Караткевіча. Беларускі пісьменнік быў у доме Кулікоў і сябраваў з бацькам Паўла Паўлавіча. Мастак добра памятае Уладзіміра Сямёнавіча

У руках мастак трымае партрэт свайго дзядулі. Гэта бацька яго матулі. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны не дажыў да свайго 100-годдзя тры месяцы. Другі дзед, Андрэй Кулік, дайшоў да Берліна і загінуў у апошнія дні вайны

На сцяне ў доме гаспадар намаляваў герб сваёй роднай вёскі. Унук Андрэй добра ведае значэнне кожнага элемента

Фрагмент з даследчай працы Андрэя Багаткі:
На жывапісных палотнах дзядулі сустрэнеш і родных людзей, і знаёмы з дзяцінства стары парк, дзе да вайны сярод ліп і бяроз стаяў палац Алешы-малодшага, пейзажныя сюжэты якога дзядуля не стамляецца маляваць зноў і зноў. А сярод жаночых вобразаў асабліва мне падабаецца партрэт маёй бабулі Алены Герасімаўны. Ён займае ганаровае месца на сцяне вялікага пакоя ў доме маіх бабулі і дзядулі. Са слоў бабулі, гэтая работа таксама з’яўляецца яе любімай, таму што напісана яна была ўпотай ад бабулі і падаравана каханай ў дзень сярэбранага вяселля. На гэты партрэт можна глядзець вельмі доўга-доўга, угадваючы ў рысах  рэальнай жанчыны абагулены вобраз жаноцкасці, музы.

Алена Герасімаўна Кулік каля свайго партрэта, напісанага мужам. Да партрэта яшчэ прыкладалася песня «Сярэбраныя струны»

Лена Герасімаўна і Павел Паўлавіч разам

Запрашэнне, пазначанае на ганку дома Кулікоў

Павел Кулік піша не толькі для сябе. Яго працу можна ўбачыць на сценах роднай школы, мясцовага Дома культуры, сельсавета, хлебапрыёмнага пункта. Ім напісаны іконы для мясцовай Ільінскай царквы, сярод якіх толькі вялікіх налічваецца 16. Пісаў іконы для царквы ў Рэчыцы, а таксама для царквы ў вёсцы Гарадзішча, што на Украіне.

 – На Украіне і пісаў. Браў мальберт і ішоў цераз мяжу. Карціну перавезці было амаль немагчыма. Таму я сам накіроўваўся ў суседнюю краіну. У Гарадзішчы жыў на кватэры, там жа і пісаў, – успамінае Павел Кулік.

Пейзажы Паўла Куліка на сценах Дома культуры

Павел Паўлавіч з унукамі. На супрацьлеглай сцяне – аўтапартрэт мастака

Скульптар і разьбяр

Як распавёў у сваёй даследчай працы Андрэй Багатка, яго дзядуля з’яўляецца аўтарам трох помнікаў у Церабяжове ў памяць аб ахвярах вайны. Гэта помнік у гонар воіна Рыгора Сталярова, помнік у гонар загінуўшых аднавяскоўцаў на франтах Вялікай Айчыннай вайны і абеліск у гонар разведчыкаў Чырвонай Арміі, зроблены ім разам з бацькам Паўлам Андрэевічам Куліком.

Фрагмент з даследчай працы Андрэя Багаткі:
Першы помнік ён стварыў яшчэ ў шостым класе, уражаны гісторыяй гібелі савецкага воіна Рыгора Сталярова ў далёкім 1944 годзе падчас ваенных дзеянняў вёсцы Ніжні Церабяжоў. Гэтую гісторыю майму дзядулі расказала яго бабуля, якая была сведкай тых жудасных падзей. Шасцікласнік, не валодаючы якімі-небудзь навыкамі ў мастацкай скульптуры і не ведаючы, як выглядаў невядомы воін, узяўся ўласнаручна стварыць помнік герою на ганаровым некропалі каля вясковай царквы. Пазней знайшліся родныя Сталярова, і на стэле, пад скульптурным бюстам, з’явіўся медальён з фотаздымкам.

Помнік Р. Сталярову, які Павел Кулік зрабіў, калі вучыўся ў шостым класе. Фота з даследчай працы А.Багаткі

Карнізы, рамы для карцін, альтанка, драўляныя скульптуры на падворку Кулікоў – справа рук таленавітага гаспадара.

Унукі Саша і Андрэй у дзядулевай альтанцы

Вось такія таленавітыя людзі жывуць на Столінншчыне. Таленавітыя не толькі творчасцю, як Павел Кулік, але і сваёй вучобай, стараннасцю і цікавасцю да навакольнага свету, як выдатнік з СШ №2 р.п.Рэчыца Андрэй Багатка.

Двор мастака відаць здалёк

0 0 голос
Рейтинг статьи

Читайте нас В Яндекс.Дзен

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Inline Feedbacks
View all comments

Все регионы

Инаугурация Лукашенко

Фото иллюстрационное из архива Медиа-Полесья
Последняя лошадь в деревне
Вадим Беленко / Фото: fcvolna-pinsk.by
Директор ООО «Экопродшина» Владимир Голышак
Фото иллюстрационное из архива Медиа-Полесья
Светлана Куделич. Фото sportbrest.by

Новости компаний

В стране и мире

В фокусе - Полесье

Коронавирус

Для тебя

0
Будем рады вашим мыслям, пожалуйста, прокомментируйте.x
()
x