Лунинец

Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў, і тым, што ў магілах, жыццё дараваў!

20 апреля 2019 | 20:45 Медиа-Полесье

З Велікаднем вернікаў віншуе ксёндз Лунінецкага касцёла Святога Юзафа Дзмітрый Кернога.

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Велікодныя святы – найважнейшыя і самыя старажытныя ў хрысціянскім свеце. Уваскрасенне Хрыста – гэта таямніца, якая надае сэнс веры, услаўляе перамогу дабра над злом, умацоўвае чалавека ў яго шчырым памкненні да вечнага жыцця.

Хрыстус памёр за нашыя грахі, быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень! Гэтая Добрая Навіна, перададзеная нам, напаўняе сэрцы радасцю і асвячае кожны дзень пілігрымавання па шляху веры.

Уваскрослы Хрыстос няхай напоўніць вас сваім благаслаўленнем, якое ўмоцніць нашую веру, дазволіць па-сапраўднаму разумець знакі нашых часоў і адорыць адвагай у нясенні людзям Добрай Навіны аб перамозе над грахом і злом моцаю любові і ахвяры.

Няхай традыцыйнае прывітанне «Хрыстос уваскрос!» стане сімвалам духоўнага адраджэння для кожнага хрысціяніна.Ды будзем радавацца з Уваскрослым Хрыстом.

Хрыстос Уваскрос!

Ксёндз Дзмітрый Кернога

Афиша