Столин

Хто яны, людзі розных краін, якіх яднае ганчарства?

VI Міжнародны пленэр ганчароў у вёсцы Гарадная набліжаецца да свайго завяршэння. Майстры актыўна працуюць, каб пакінуць на Палессі вынікі сваёй працы.  

30 майстроў-ганчароў з’ехаліся на Палессе, каб далучыцца да таямніцы гараднянскага ганчарства. На працягу ўсяго пленэру яны плённа працуюць, каб пасля сябе пакінуць на гэтай зямлі непаўторныя вырабы, зробленыя з гараднянскай гліны.

Ірына Аўчыннікава дакранулася да ганчарства ўслед за мужам Аляксандрам. Жанчына кажа, што пакуль робіць гліняныя талерачкі. Пры гэтым яна сцвярджае, што праца з глінай вельмі зацягвае.   

– Ад пленэру чакаю асабістага росту ў рамястве, бо на кожным такім мерапрыемстве бяру для сябе нешта новае. А яшчэ, магчыма, для некага станаўлюся памочнікам у працы, – адзначае Аляксандр Аўчыннікаў.

Мясцовыя майстры Аляксандр і Ірына Аўчыннікавы

У маладой сям’і двое дзетак: старэйшая Дар’я і малодшы Грыша. Калі хлопчык яшчэ не разумее, што робяць бацькі з глінай, то Дар’я з задавальненнем ідзе ў хатнюю майстэрню і захапляецца татавымі вырабамі. На выставе ганчароў Аляксандр пастараўся прадставіць гісторыю ганчарства ў Гарадной.

Па вырабах Аляксандра можна прасачыць развіццё ганчарства ў Гарадной

Расійскі майстар з горада Скапін Таццяна Галаванава ў Гарадную прыязджае ў чацвёрты раз. Як яна адзначыла ў размове з карэспандэнтам Медиа-Полесья,  удзел у падобных мерапрыемствах для яе – стымул для далейшай творчасці, а менавіта сама Гарадная – як глыток свежага паветра.

 Таццяна Галаванава

На выставу ганчароў Таццяна Галаванава прывезла традыцыйны для скапінскага промыслу посуд у выглядзе кракадзіла. Майстар сцвярджае, што гараднянская  гліна больш падыходзіць для вырабу посуду, лепш трымае форму і  выцягваецца на ганчарным коле. А вось скапінская гліна – больш тлустая, больш пластычная. Яна падыходзіць для лепкі дэкаратыўных вырабаў, пластычных кампазіцый.

“Скапінскі” кракадзіл

Павел Пяхоўскі на пленэр у Гарадную завітаў з Польшчы. Ён, як і Таццяна Галаванава, прыехаў сюды ў чацвёрты раз, каб папрацаваць з гараднянскай глінай. На пытанне, “Якая яна ў руках майстра?”, Павел, смеючыся, адказаў, што ўпартая і непадатлівая, як дзяўчына.

 Павел Пяхоўскі

А вось Іван і Надзея Ільіны з украінскага Ізмаіла на пленэр у Гарадную прыехалі ўпершыню. Іван аб VI Міжнародным пленэры ганчароў на Палессі даведаўся праз сацсетку “Одноклассники”.

 Іван і Надзея Ільіны

Для іх сустрэча з таленавітымі майстрамі – цудоўная магчымасць пераняць вопыт, каб потым яго выкарыстоўваць у сваёй працы. Ільіных зацікавіла праграма пленэру ў Гарадной. І яны шчаслівыя, што атрымалася стаць яго ўдзельнікамі. Тое, што яны атрымаюць у час працы, прывязуць на радзіму, каб удасканальваць сваё майстэрства і вучыць гэтаму дзяцей у творчых гуртках, што вядуць у родным горадзе.     

 Вырабы Івана Ільіна

Вырабу такіх рэчаў Надзея Ільіна вучыць дзяцей

Майстры чорнай керамікі Віктар і Тамара Тромза з Брэста, грунтуючыся на аўтэнтычных формах і захоўваючы старажытную тэхналогію, абпальваюць свае вырабы ў горне. Ад пленэру яны чакаюць плённай працы, новага вопыту, уражанняў і творчасці. 

Выраб Тамары Тромза

За працай Віктар Тромза

Ужо ў нядзелю, 29 ліпеня, адбудзецца свята «Гараднянскі кірмаш», на якое запрашаюць усіх чытачоў Медиа-Полесья. Насычаная праграма прыйдзецца даспадобы ўсім. Пазнаёміцца з ёй можна тут.

Міжнародныя пленэры ганчароў у вёсцы Гарадная праходзяць з 2008 года. Раз у два гады збіраюцца тут майстры не толькі з Беларусі, але і з іншых краін свету. У чатырох пленэрах удзельнічалі ўжо ганчары з 12 краін свету. Цэнтр ганчарства вёскі Гарадная быў створаны ў 2003 годзе з мэтай захавання і папулярызацыі лепшых традыцый народнага ганчарнага промыслу. 

Афиша