19 марта 2024, вторник06:37

Полешуки

Ірына Ляшкевіч, якая 30 гадоў настаўнічала на Століншчыне, працаўладкавалася ў Польшчы: «Ніхто дакладна не ведае, якія ў гісторыі на нас планы»

19 сентября 2022, 8:40

Гэты вучэбны год Ірына Ляшкевіч распачала ў дзіцячай установе не ў Беларусі. Фото па тэксце – з асабістага архіва гераіні

Гэты вучэбны год Ірына Ляшкевіч распачала ў дзіцячай установе не ў Беларусі. Фото па тэксце – з асабістага архіва гераіні

Ірына Ляшкевіч – вядомая на Палессі творчая асоба: музыка, паэтка, выканаўца народных песень. Усё жыццё працавала ў школе ў роднай вёсцы Мачуль. Але раптам, у немаладым ужо ўзросце, рызыкнула пайсці на перамены… Пра акалічнасці, якія падштурхнулі да гэтага, і не толькі – у інтэрв’ю “Медиа-Полесью”.

 

Ірына Ляшкевіч нарадзілася ў вёсцы Мачуль Столінскага раёна. Пасля заканчэння школы, ў 1985 годзе паступіла ў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Атрымала дыплом эканаміста, але  пайшла працаваць настаўніцай музыкі у Мачульскую базавую школу.

Стваральніца і кіраўнік узорнага аб’яднання аматараў фальклору “Згадка” Мачульскага СДФ, кіраўнік фальклорнага гурта “Каляжанкі”.

Сябра суполкі беларускіх пісьменнікаў, аўтар кніг “Сувой” (2000) “Бібліятэчка часопіса “Маладосць”, “Вас я чакала” (Кнігазбор, 2018).

Маці чатырох дарослых дзяцей і бабуля шасці ўнукаў.

– Спадарыня Ірына, кажуць, што Вы настаўнік ад Бога. Пачнем гаворку з пытання пра прафесію. Чаму падае яе прэстыж?

– Настаўнік ад Бога – замоцна сказана… Я хутчэй  апантаны творчасцю чалавек, які бачыць яе сэнс не толькі ў спатоленні ўнутраных духоўных патрэб, але і ў стварэнні асяродку такіх жа творчых людзей для найбольшай іх рэалізацыі. А Бог мне дадаў да гэтага моцную любоў да свайго краю, яго мовы, гісторыі і культуры. А чаму падае прэстыж прафесіі настаўніка? Гэта праблема цягнецца з мінулага стагоддзя. І  тут шмат фактараў. Галоўны з іх, на мой погляд, прыход у прафесію выпадковых людзей, не па прызванню…

– Усе ведаюць Вас як паэтку, музыку, выканаўцу народных песень. Чаго больш у Вашай творчай асобе – прагі да вершаў ці музыкі?

– Музыка і паэзія настолькі блізкія, што ў маім жыцці яны не канкурыруюць, а мірна суіснуюць. Ёсць перыяды, калі мне больш спяваецца, ёсць, калі пішацца, ёсць, калі і не тое, і не тое… Спеваў усё ж болей, бо з імі звязана праца, а паэзія – госця нябесная, тут ніколі не згадаеш, у які час раптам  з’явіцца радок.

Ірына прэзентуе новы зборнік вершаў
Ірына прэзентуе новы зборнік вершаў

– Вы столькі гадоў кіравалі некалькімі музычнымі калектывамі, вялі актыўную канцэртную дзейнась… І раптам аб’явілі, што сыходзіце. Чаму?

– Узорнаму аб’яднанню аматараў фальклору ”Згадка” у гэтым годзе 33 гады, а фальклорнаму гурту “Каляжанкі” 7 гадоў.

Аглядваюся назад і разумею, што гэта былі шчаслівыя творчыя гады. Не было лёгка. Фактычна мы развіваліся, набіраліся вопыту метадам самастойнага пошуку і адпрацоўкі сваіх  памылак. Я зараз хачу яшчэ раз падзякаваць усім сваім згадкаўцам, іх бацькам, маім школьным настаўнікам, былому дырэктару Мачульскай базавай школы Кірэчка Пятру Гаўрылавічу, сваёй маме, намесніку дырэктара Марыі Іванаўне Ляшкевіч, якія ў першыя гады працы са “Згадкай” падтрымлівалі, дапамагалі, чым маглі. Ведаеце, гэта вельмі важна—адчуванне запатрабаванасці ў працы. І скажы мне тады, што я вось так змагу ўсё кінуць, я, напэўна б, засмяялася…

Але жыццё бывае непрадказальным, з гадамі чалавек спасцігае нейкія новыя сэнсы, здараецца такая трансфармацыя ў тваім унутраным свеце, пра якую ты нават не мог уявіць… Думкі  змяніць працу  пачалі прыходзіць усё часцей. Я не адчувала тае ранейшай акрыленасці, жыццё заганяла маю творчасць у графікі рабочага часу, у планы, справаздачы, статыстыку, праверкі… Фінансавы бок таксама не радаваў…

А тут яшчэ пачаліся праблемы з рукамі. Больш за 40 гадоў з баянам на жаночых плячах выліліся ў траўмы сухажылля, лячэнне, аперацыю, працяглую рэабілітацыю…

У рэшце рэшт атрымала забарону на баян… Калі  сутыкнулася з гэтай праблемай, калі засталася з ёй амаль адзін на адзін, я сказала сабе: “Спыніся. Час нешта змяніць. Тым больш за 4 месяцы хваробы я не адчула ранейшага суму па працы. Праца мяне адпусціла…А я адпусціла яе…”

– Распавядзіце пра сям’ю. Як матуліна сэрца справілася з такім выпрабаваннем, як затрыманне сына?

– У мяне вялікая сям’я…Старэйшая дачка Воля, як і я, шматдзетная мама. Скончыла фальклорнае аддзяленне Гродненскага каледжа мастацтваў. Працавала ў дзіцячым садку музычным кіраўніком.Зараз разам з мужам выхоўвае 4 дзетак. Жывуць у Мачулі.

Сярэдняя дачка Марыя з мужам жывуць у Варшаве. Яна кандытар. Мара яе дзяцінства збылася.

З дачкой Марыяй і зяцем
З дачкой Марыяй і зяцем

Меншая дачка Таццяна скончыла 3 курсы лінгвістычнага каледжа, зараз працягвае вучобу ў Варшаве.

З дачкой Таццянай. І з мамай
 З дачкой Таццянай. І з мамай

У сына Барыса наладжваецца жыццё ў іншай краіне. Мне вельмі цяжка ўспамінаць той час, калі яго затрымалі. Сэрца маці – камень, яно вытрымлівае нават смерць свайго дзіцяці… У мяне была моцная падтрымка маіх сяброў… Гэта была тая лакмусавая папера, якая паказала, хто ёсць хто… Пісала сыну пісьма, чакала адказаў, бавіла час з яго дзецьмі. Плакала, малілася…100 дзён роўна…Вытрымала… Не звар’яцела…

– Чаму вырашылі раптам з’ехаць з краіны? Як гэта адбывалася і чым займаецеся зараз?

– Чаму я паехала? Мяне паклікалі дзеці. Праца больш не трымала. Ды і адчуванне, што нейкі перыяд жыцця ў мяне закончыўся, не пакідала… А пачынаць новае на старых зруйнаваннях не мае сэнсу.

Таму было прынята рашэнне, сабраны рэчы і ў добры шлях у невядомае жыццё. Я маю ў Польшчы акрамя дзяцей шмат радзіны. Гэта мачульская шляхта-рэпатрыянты, якія ў 1945 годзе вымушаны былі з’ехаць у Польшчу. Размясцілі іх на былых нямецкіх тэрыторыях. Вёска Дзедзіцэ была заселена Ляшкевічамі, Шыдлоўскімі, Вараксамі. Калі я наведала цвінтар у Дзедзіцэх, то не стрымалася і заплакала… Я прыехала з Мачуля ў польскі Мачуль. У Дзедзіцэх ёсць унікальны музей, дзе сабрана шмат найцікавейшых матэрыялаў і рэчаў, якія некалі прывезлі з сабой мачульцы ў далёкім 1945 годзе. Радзіна мяне прыняла вельмі добра. А працу я знайшла  хутка. Гэта другая па ліку школа, куды я занесла сваё партфоліо. Мяне сустрэла дырэктар. Пасля размовы з ёй, я сказала сабе: “Я хачу працаваць тут! Божа, зрабі, каб так было!”

На другі дзень мне патэлефанавалі, і пачалося маё афармленне на новую працу ў новай краіне.

– Якія пабачылі адметнасці сістэтэмы адукацыі ў Польшчы? Як будуецца Ваш працоўны дзень? І наогул, як пачуваеце сябе на новым месцы?

– Школа Мантэсоры ў Барлінку – гэта дзіцячы садок па сістэме Мантэсоры. Акрэслю галоўнае, што сістэма базуецца на свабодным выхаванні, без прымусу. Напрыклад, на свае заняткі па ручной працы я прыходжу ў вызначаны мне час, але ў гэты час працуюць у групе і іншыя выхавацелі. Дзіця можа пакінуць адны заняткі і далучыцца да маіх, калі яму гэта цікава. Надакучыла, вярнулася да ранейшых заняткаў ці знайшло іншую сабе справу. У мяне бывае да 8 чалавек, а бывае 3-5. Мой працоўны дзень пачынаецца а палове восьмай. Уключаю музыку. Бацькі прыводзяць дзяцей у садок, а там гучыць музыка. Калі раптам дзецям захацелася патанчыць ад ранку, яны бягуць да мяне і я праводжу з імі музычныя гульні. Потым у мяне заняткі па ручной працы  ў групах. У кожнай групе два разы на тыдзень. Час акрэслены прыблізна.

Далей я маю час на падрыхтоўку  заняткаў наступнага дня. Калі патрабуецца, то  дапамагаю выхавацелям з дзецьмі на шпацыры. Пасля абеду у мяне занятак музычны. Усе матэрыялы да заняткаў набываюцца за кошт школы. Дырэктар пастаянна ў кантакце з выхавацелямі, проста на калідоры вырашаюцца рабочыя моманты, генерыруюцца ідэі, абмяркоўваюцца вынікі.

Усё працуе на патрэбы дзіцяці, на  эмацыйную ўтульнасць, на самастойнасць, на права выбару.

Мне гэта ўсё блізка, цікава. І негледзячы на маю яшчэ зусім недасканалую польскую мову, я вельмі хутка наладзіла кантакт з дзецьмі і калегамі. Яны мне разам дапамагаюць засвойваць новае.

– Не шкадуеце, што з’ехалі, пакінулі родных, сябровак і гаспадарку – яна ж у Вас дакладна не слабая?

– Калі я прымаю рашэнне нешта змяніць, то яно адразу выключае шкадаванне па тым, што было. У мяне было шмат шчаслівых момантаў, але іх трэба ўспамінаць з удзячнасцю, а не са шкадаваннем. Канечне, ёсць сум і трывога за маму, за родных. Але цяпер, у час Інтэрнэту, можна быць пастаянна на сувязі. Са сваімі Каляжанкамі мы таксама не губляемся. Вядзем перапіску, марым пра будучае.

Гаспадарку я ўжо даўно не маю па прычыне хваробы рук.

– Вы даволі актыўны карыстальнік Фэйсбук. Наколькі важна для Вас публічна дзяліцца падзеямі з свайго жыцця?

– Так, маё віртуальнае жыццё вельмі актыўнае. Мне  падабаецца камунікаваць з людзьмі. І ўсё ж такі асноўная частка майго жыцця па-за сецівам… Яна вельмі асабістая…

 – Ваша стаўленне да сітуацыі ў Беларусі? Якія спадзевы на будучае?

– Мы пражываем складаны і цікавы  гістарычны працэс. Мы яго ўдзельнікі і назіральнікі. Мы спрабуем асэнсоўваць, спрачаемся, бярэмся за чубы. Але ніхто дакладна не ведае, якія  ў гісторыі на нас планы. Мне ж вельмі хацелася б, каб у нас адраслі моцныя крылы, якія падарылі б нам адчуванне вольнага палёту над роднай зямлёй.

 – Што для Вас радзіма?

– Радзіма – гэта тое невымоўнае, што прарасло ў тваім сэрцы асаблівай шчымлівасцю…

Чтобы следить за важными новостями, подписывайтесь на наш канал в Telegram и группы в социальных сетях: Вконтакте, Одноклассники, Facebook, Instagram.

ПО ТЕМЕ:


Все регионы

Так горела Зима в Пинске
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: drive2.ru
фото: Пинский телеграм
Деревня
Фото УВД

В стране и мире

Фото: пресс-служба Верховного суда
Фото с сайта yaselda.by
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: Пинский райисполком
Margarita Razaz / Facebook)

Полешуки

Очень вкусно

В фокусе - Полесье

Для тебя