Реклама Google

Столин

Кнігу паэзіі Ірыны Ляшкевіч прэзентавалі ў Століне

Прэзентацыі кнігі вершаў «Вас я чакала» Ірыны Ляшкевіч адбыліся ў СШ №2 г.Століна і краязнаўчым музеі.

Ірына Ляшкевіч

Калі на сустрэчы ў школе прысутнічалі вучні і настаўнікі, то ў музей мелі магчымасць прыйсці і іншыя прыхільнікі паэзіі Ірыны Ляшкевіч. Дырэктар Столінскага раённага краязнаўчага музея Святлана Вярэніч прадставіла  прысутным Ірыну Ляшкевіч і распавяла аб яе творчай дзейнасці.

Паэтэса чытала свае вершы, у якіх гучыць шмат любові да роднай зямлі, да блізкіх людзей. Увогуле тэматычны дыяпазон – шырокі. Гэта як глыбока лірычныя, інтымныя вершы, так і пейзажная лірыка, філасофскія разважанні.

Кніга лірыкі «Вас я чакала» выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор». Складаецца яна з пяці раздзелаў. Усяго ў зборнік увайшлі больш за сотню вершаў, напісаныя паэткай у розныя гады.

Ірына Ляшкевіч сцвярджае, што свайго чытача чакала

Зборнік паэзіі і яго першы раздзел названы па аднайменным вершы «Вас я чакала, пэўна, Вас…». Менавіта з гэтага верша і пачынае знаёмства з новай кнігай Ірыны Ляшкевіч чытача.

Вас я чакала…

Вас я чакала, пэўна, Вас…
Калі апошні промень згас
Малінавага дня.
А шаты неба нада мной
І вечар сіняю сцяной –
Найблізкая радня.
Вам я шаптала, пэўна, Вам
Кахання словы, а багам –
Малітвы ўдзячнасці.
Там сцежка вузкая ў траве,
І вэлюмам туман плыве,
Хвіліны шчаснасці.
Вы ўсё ж былі, напэўна, Вы…
Зляцелі гусі на ставы
З нябёс анёламі.
Пяшчотнасць Вашых вуснаў, рук…
А сведкі –  той магутны дуб,
Жаўрук над сёламі.

Удзельнікі сустрэчы атрымалі магчымасць пачуць ад Ірыны Ляшкевіч сакрэты яе творчасці, натхнення, задаць хвалюючыя пытанні палескай паэтэсе. Як слушна адзначае сама Ірына Ляшкевіч, творчасць падтрымлівае яе, дае сілы жыць і працаваць.

Ірына Ляшкевіч выказвае шчырыя словы падзякі Брэсцкаму аддзяленню Саюза беларускіх пісьменнікаў за садзейнічанне ў выданні кнігі, а таксама Міколе Аляхновічу і Сяргею Амельчуку, якія рэдагавалі кнігу.

Раней прэзентацыі зборніка паэзіі Ірыны Ляшкевіч «Вас я чакала» адбыліся ў Галерэі ТУТ.БАЙ у Мінску і ў Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы.

Набыць кнігу паэзіі «Вас я чакала» Ірыны Ляшкевіч можна ў кнігарнях, а таксама ў інтэрнэт-краме knihi.by.

ДАВЕДКА МП

Ірына Ляшкевіч нарадзілася ў вёсцы Мачуль у 1969 годзе. У роднай вёсцы скончыла агульнаадукацыйную школу і музычную школу ў Альшанах. Пасля заканчэння Беларускага інстытута народнай гаспадаркі плённа пачала працаваць на педагагічнай ніве.

Зараз Ірына Мікалаеўна працуе ў ДУА «Мачульская базавая школа». Яна – кіраўнік узорнага дзіцячага аб’яднання аматараў фальклору «Згадка» Мачульскага сельскага дома фальклору, краязнаўца, збіральніца і выканаўца старадаўніх палескіх песень.

З 2004 года Ірына Ляшкевіч – член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Яе творы з’яўляліся і з’яўляюцца на старонках абласных і рэспубліканскіх газет і часопісаў. Сярод іх можна назваць часопісы «Маладосць»«Крыніца»«Роднае слова», альманах «Вытокі» (выдаецца ў Лунінцы пад рэдакцыяй журналіста Вадзіма Жылко).

Першы зборнік паэзіі Ірыны Ляшкевіч ўбачыў свет у 2000 годзе. Другі – у 2018 годзе. Кніга вершаў «Вас я чакала»выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор»(бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў  «Кнігарня пісьменніка»).