Вядоўцы мітынгу-канцэрту — Павал Касьцевіч і Артэміс Ахпаш.
Акцыя легальная, уваход вольны. Але пляцоўка абкружаная агароджай, міліцыя зьбіраецца надглядаць наведнікаў праз мэталашукальнікі.
Расклад
- 18.00 — пачатак.
- 18:30 — гурт Loudscage.
- 18:40 — гурт PyLai.
- 19:00 — выступы Вольгі Севярынец, Аляксандры Зьверавай і сваякоў затрыманых.
- 19:10 — сьпявачка Лера Яскевіч.
- 19:30 — сьпявак і юрыст штабу Бабарыкі Максім Знак.
- 19:50 — гурт :B:N:
- 20:10 — выступы Сьвятланы Ціханоўскай, Веранікі Цапкалы і Марыі Калесьнікавай.
- 21:00 — выступ ініцыятывы «Честные люди».
- 21:10 — сьпевакі Alexander Kiss і Аляксандар Kosmas з удзелам Ціханоўскай, Цапкалы і Калесьнікавай.
- 21:20 — гурт Litesound.
17:55 У парку Дружбы народаў перабоі з сувязьзю. Людзі працягваюць зьбірацца. Міліцыя абгарадзіла парк па пэрымэтры. Прайсьці можна толькі праз кантрольна-прапускныя пункты з надглядам і відэафіксацыяй.
Нядаўнія падзеі
- Сьвятлана Ціханоўская пайшла кандыдаткай у прэзыдэнты замест мужа, аўтара Youtube-каналу «Страна для жизни», якому адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, пакуль ён быў за кратамі за ўдзел у акцыях пратэсту. Пазьней Ціханоўскага затрымалі ў Горадні, распачалі супраць яго крымінальныя справы. За апошнія два месяцы затрымалі два дзясяткі паплечнікаў Ціханоўскай, супраць іх распачалі крымінальныя справы. Ціханоўская заяўляла, што ёй пагражалі адабраць дзяцей — таму іх вывезьлі ў Эўразьвяз разам з бабуляй.
- Экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыку і экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў Валера Цапкалу адмовіліся рэгістраваць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Бабарыка цяпер за кратамі, супраць яго распачалі крымінальныя справы. Цапкала зьехаў у Расею разам зь дзецьмі. Штабы Бабарыкі і Цапкалы аб’ядналі сілы са штабам Ціханоўскай.
- Вераніку Цапкалу 30 ліпеня выклікалі на допыт у справе мужа, але адклалі допыт на наступны дзень. Яе сястру выкралі «людзі ў цывільным» — пазьней выявілася, каб уручыць позву: хочуць узяць у яе паказаньні «ў справе Цапкалы».
- Усяго, паводле зьвестак праваабаронцаў на 27 ліпеня, за ўдзел у гэтых акцыях затрымалі прыкладна 420 чалавек, зь іх ня менш як 330 у сталіцы. Агульная колькасьць затрыманьняў ад пачатку выбараў перавысіла 1140 чалавек: 190 арыштаваных, 333 аштрафаваныя на агульную суму звыш 65 000 рублёў.
- 29 ліпеня дзяржаўныя СМІ паведамілі пра затрыманьне ў Беларусі 33 расейскіх баевікоў — нібыта з ПВК «Вагнэра». Сілавікі сьцьвярджаюць, што агулам у Беларусь прыехалі дзьве сотні баевікоў, якіх падазраюць у падрыхтоўцы тэракту і шукаюць па ўсёй краіне. У сувязі з гэтым увялі дадатковыя захады бясьпекі на масавых мерапрыемствах.
- 30 ліпеня Сяргею Ціханоўскаму, Мікалаю Статкевічу і іншым фігурантам «справы Ціханоўскага» выставілі новае абвінавачаньне, паводле якога пагражае ад 5 да 12 гадоў турмы. Справу зьвязалі са справай ПВК «Вагнэра».
- За гадзіну да пачатку мітынгу-канцэрту пачаліся тэледэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты. Замест Аляксандра Лукашэнкі на іх выступіў Алег Гайдукевіч — давераная асоба Лукашэнкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Кандыдатка Ганна Канапацкая адмовілася ад дэбатаў, спаслаўшыся на «слабасьць» іншых кандыдатаў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.