21 октября 2020, среда18:20

Общество

Наша Даша – выдатніца з Церабяжова

22 апреля 2015, 8:06

Выдатніца, якая цудоўна валодае беларускай мовай, любіць прозу Васіля Быкава і слухае Rammsteіn – гэта 16-гадовая Дар’я Ракала з вёскі Церабяжоў Столінскага раёна.  

Другі год запар вясковая школьніца стала прызёрам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры: веды дзяўчыны прафесійнае журы і ў гэтым годзе ацаніла дыпломам ІІ ступені.

Пра тое, як дасягнуць поспехаў у вучобе і чым захапляюцца будучыя выпускнікі-медалісты, чытайце ў рубрыцы “Персона”.

Першыя словы роднай мовы пачула з вуснаў маці

Любоў да роднай мовы ў дзяўчыны з дзяцінства. З вуснаў маці Веры Мікалаеўны, філолага па адукацыі, Дар’я з самых малых год слухала казкі, апавяданні, вершы і, як губка, убірала ў сябе чароўныя гукі беларускага слова.

Калі Дар’я скончыла пачатковыя класы, яе мама, якая ў гэтай жа школе выкладае беларускую мову і літаратуру, папрасіла ў дырэктара, Людмілы Лявонцьеўны Цупа (якая таксама вядзе ўрокі роднай мовы і літаратуры), каб тая вучыла пяцікласнікаў, бо жанчына не хацела быць настаўніцай у класе сваёй дачкі. Але ўсё роўна склалася так, што ў Дар’і замест адной настаўніцы атрымалася дзве: Людміла Лявонцьеўна вучыць у школе, а Вера Мікалаеўна – дома.

Ні году без алімпіяд

“Упершыню ўдзельнічала ў раённай алімпіядзе ў шостым класе і па яе выніках стала другой, – расказвае Дар’я. – Пасля ні аднаго году не было без алімпіяд”. 

Летась у раёне Даша атрымала другое месца. Але Дар’ю вырашылі щсё роўна адправіць на абласны этап.

“І прывезла наша Даша з Брэста дыплом першай ступені, – успамінае Людміла Лявоцьеўна. – Гэты дыплом быў нечаканасцю, тым больш, што сярод удзельнікаў – вучні гімназій, ліцэяў”. Ды і сама Даша адразу зусім не паверыла ў такі поспех. Як аказалася, вельмі высока на алімпіядзе ацанілі вуснае выказванне пра маці.  “Калі гаварыла, убачыла: на вачах у тых, хто слухаў, з’явіліся слёзы”, – узгадвае мінулагоднія падзеі Дар’я. І вось дзяўчына – член каманды Брэсцкай вобласці на заключным этапе ў Мінску. І зноў поспех – дыплом ІІ-ой ступені.

2015 год не стаў выключэннем, і, па сваёй сутнасці, быў таксама алімпіядным.  Але пра гэта крыху ніжэй.

Калі адчуваеш сябе як Дар’я Домрачава

Дар’я не брала ўдзел у раённым этапе алімпіяды-2015, але яе, як пераможцу леташняй алімпіяды, зноў накіравалі ў Брэст. Вынік – дыплом трэцяй ступені.

У камандзе вобласці для яе месца не было. Аднак у самы апошні момант Дар’ю вырашылі ўключыць  у склад каманды, шостай па ліку, як ранейшую пераможцу рэспубліканскага этапу. Пасля доўгіх разважанняў Дар’я згадзілася ўдзельнічаць у алімпіядзе: “Я ўсім дакажу, што трэцяе месца – гэта зусім не тое, што я магла атрымаць у Брэсце”. 

Больш месяца вельмі ўпарта рыхтавалася дзяўчына да паездкі ў Мінск. Кожны дзень Дар’я займалася пасля ўрокаў з настаўніцай у школе, дома – пад кіраўніцтвам маці, шмат працавала самастойна. Тыдзень каманду вобласці рыхтавалі ў Брэсце выкладчыкі Брэсцкага ўніверсітэта.

“Над тым, каб дасягнуць высокіх вынікаў, трэба шмат працаваць. А праца гэта – вельмі напружаная і штодзённая”, – сцвярджае Людміла Лявонцьеўна.

Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры прайшоў на базе гімназіі №24 Мінска. На плячах Дашы ляжаў цяжар адказнасці: адзіны прадстаўнік з раёна ў абласной камандзе юных моваведаў. І Даша, якую не адразу ўключылі ў каманду, адзіная з гэтай каманды атрымала ўзнагароду – дыплом ІІ-й ступені. І, што вельмі важна і прыемна для Століншчыны, – пераможца рэспубліканскай алімпіяды – навучэнка ні ліцэя, ні гімназіі, а звычайнай вясковай школы.

У гэтым навучальным годзе дзяўчына шмат хварэла. І сталася так, што на алімпіядзе ў Мінску Дар’я адчувала сябе кепска. З тэмпературай дзяўчына ішла выконваць заданні, а калі ўсіх удзельнікаў пасля заканчэння чарговага конкурснага дня вадзілі на экскурсіі па сталіцы, ляжала ў ложку. Таму гэта другое месца вельмі дорага каштуе для Дашы.

Калі гімн гучаў на закрыцці алімпіяды, то адчувала сябе як Дар’я Домрачава, і гэтак жа, як і яна, старалася трымацца”, – прызнаецца Дар’я Ракала.

Настаўнік Людміла Лявонцьеўна Цупа з вучаніцай Дар’яй Ракала

 

“Вучоба ці адпачынак?” – “ Вучоба!”

Калі стаіць выбар паміж адпачынкам і вучобай, Дар’я выбірае вучобу”, – кажа пра вучаніцу дырэктар школы. Нават сябрам амаль немагчыма выцягнуць Дашу з-за кніжак.

“Пагуляць хочацца, але разумею, што мне зараз трэба вучыцца. Таму гуляць з сябрамі ішла толькі ў выхадныя”, – дзеліцца Дар’я.

Педагог кажа, што ў Дашы да вучобы адоранасць ад прыроды: дзяўчына вучыцца выдатна па ўсіх прадметах праграмы, ідзе на залаты медаль. У мінулым годзе Дар’я атрымала ўзнагароду спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У гэтым годзе ў школу ўжо прыйшло палажэнне па падрыхтоўцы неабходных дакументаў на атрыманне аналагічнай ўзнагароды.  Імя Дар’і Ракала ўнесена ў рэспубліканскі банк дадзеных адораных вучняў.

Год назад дзяўчыне прапанавалі працягваць вучобу ў ліцэі БДУ. Але яна адмовілася, маўляў, калі старанна вучыцца, то добрыя веды можна атрымаць і ў роднай школе.

Не па гадах дарослай дзесяцікласніцы па духу блізкі Сотнікаў Васіля Быкава. “Васіль Быкаў – мой любімы пісьменнік і яго герой для мяне таксама любы, – тлумачыць Дар’я.  – А калі казаць пра паэзію, то адразу ў памяці ўзнікае “Маёвая песня” паэта-рамантыка Максіма Багдановіча”. З задавальненнем чытае Дар’я і рускую, і замежную літаратуру.

А што, акрамя вучобы?

Дзесяцікласніца, як і яе вядомая цёзка, захапляецца біятлонам. Але, як кажа сама Дар’я Ракала, пакуль толькі па тэлевізары. “Люблю баскетбол, з задавальненнем езджу на веласіпедзе. Нядаўна ў школе праходзілі спаборніцтвы па шахматах, то дома ўся сям’я захапілася, асабліва з бацькам шмат гуляла – так старанна рыхтаваліся”, – расказвае церабяжоўская выдатніца. Падабаецца Дар’і “паваражыць” разам з маці на кухні над чарговым бісквітам.  А яшчэ Дар’я – экскурсавод у школьным музеі.

Старэйшая сястра – добры прыклад для малодшага браціка Аляксандра. Хлопчык пакуль вучыцца ў другім класе і ўжо браў удзел у раённай алімпіядзе па асновах бяспекі жыццядзейнасці. Сястра для яго – добры прыклад: “Хачу быць, як Даша”, – заяўляе Саша.

“Мне вельмі блізкія словы “Стома – смерць. Ідзі вышэй сіл сваіх”, сказаныя лірычным героем Уладзіміра Караткевіча, – гаворыць Дар’я. – Вось імі я пакуль і кіруюся ў жыцці і ў вучобе”.

У Дар’і наперадзе адзінаццаты клас. Дзяўчына яшчэ канчаткова не вырашыла з будучай прафесіяй, аднак, як бы ні склаўся лёс,  беларуская мова з ёй застанецца назаўжды.

Слухаю мілагучную мову Дар’і і з захапленнем углядаюся ў блакітна-шэрыя, разумныя і добрыя вочы светлавалосай паляшучкі. Дык вось якая яна, прыгажуня і выдатніца ХХІ стагоддзя. 

0 0 голос
Рейтинг статьи

Читайте нас В Яндекс.Дзен

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Inline Feedbacks
View all comments

Все регионы

Воинское захоронение в Пинском районе

Фото иллюстрационное
Фото Пинского лесхоза
Фото иллюстрационное, ustaliy.ru
Снимок носит иллюстративный характер / Фото из архива Медиа-Полесья
Фото Пинского погранотряда
Фото из архива Медиа-Полесья
Макс Корж прибыл к месту проведения марша / Фото: tut.by
Фото: brest.mvd.gov.by

Новости компаний

В стране и мире

В фокусе - Полесье

Коронавирус

Для тебя

0
Будем рады вашим мыслям, пожалуйста, прокомментируйте.x
()
x