Реклама Google

Столин

Новы фальклорны гурт са Століншчыны заявіў аб сабе

Фальклорны гурт “Каляжанкі” ўзнік па ініцыятыве кіраўніка ўзорнага дзіцячага аб’яднання аматараў фальклору “Згадка” Мачульскага сельскага дома фальклору Ірыны Ляшкевіч у вёсцы Мачуль Столінскага раёна.

Удзельніцы фальклорнага гурту “Каляжанкі”:  Таццяна Нагар, Ірына Ляшкевіч, Анжэла Ляшкевіч

“Шмат год займалася пошукам старадаўніх палескіх песень, дзякуючы чаму сабрала многа  матэрыялу. Аднак не ўсе гэтыя песні падыходзяць для выканання дзіцячым калектывам, якім з’яўляецца “Згадка”. Таму частка запісаных ад паляшучак песень проста ляжыць у шафе. І з’явілася думка, што добра было б стварыць гурт, дзякуючы якому гэтыя песні маглі б загучаць, –  расказвае гісторыю ўзнікнення фальклорнага гурту “Каляжанкі” Ірына Ляшкевіч. – Вырашыла далучыць да сябе сваю стрыечную сястру Анжэлу Ляшкевіч (яна працуе ў Мачульскай базавай школе) і сяброўку Таццяну Нагар (працуе ў Альшанскім СЦК). Ідэю яны падтрымалі.

Вось так атрымаўся фальклорны гурт “Каляжанкі”. Чаму “Каляжанкі”, бо мы – калегі. Ды і сябруем вельмі даўно”.

Удзельніцы новага гурту ўжо як два месяцы актыўна займаюцца падборам песень для свайго рэпертуару, рэпетыруюць. Рэпетыцыі адбываюцца часам пасля ўрокаў у школе, часцей – дома ў Ірыны Ляшкевіч. “Плануем пакуль выконваць старадаўнія мясцоовыя песні вёсак Мачуль, Рамель і Цераблічы. Зараз у нашым рэпертуары ўжо ёсць шэсць калядных песень і восемь мясцовых пазаабрадавых. У асноўным песні выконваем і будзем выконваць акапэльна. Можам спяваць карыстаючыся інструментальным суправаджэннем: я іграю на баяне, Таццяна – на бубне”, – адзначае кіраўнік “Каляжанак” Ірына Ляшкевіч.

Пакуль у гурце толькі тры ўдзельніцы, але, як кажа Ірына Ляшкевіч, магчыма праз некаторы час гурт будзе пашыраны. Касцюмы ўдзельніцы гурту пашылі самі такога фасону, як насілі раней іх бабулі і прабабулі. Пры дапамозе мясцовых вышывальшчыц на сукенках з’явіўся такі арнамент, які быў на сукенках палескіх жанчын.

Ірына Ляшкевіч, Анжэла Ляшкевіч, Таццяна Нагар

У час навагодніх святаў кіраўнік грамадскага культурна-асветніцкага аб’яднання “Разам да поспеху” (г. Брэст) запрасіла гурт “Каляжанкі” прыняць удзел у імпрэзах, якія ладзіць аб’яднанне, і паказаць там палескія спевы. І вось у першай палове студзеня гэтага года ў сядзібе Нямцэвічаў, што знаходзіцца ў вёсцы Скокі Брэсцкага раёна, фальклорны гурт “Каляжанкі” выступаў падчас вялікай імпрэзы. Гэтае выступленне перад шырокім колам гледачоў стала першым выступленнем новага фальклорнага гурта “Каляжанкі” са Столінскага Палесся.

Афиша