Столин

Пачуйце гліняны звон Гараднянскага кірмашу!

Унікальны кірмаш пройдзе 29 ліпеня ў вёсцы Гарадная Столінскага раёну і стане завяршальным акордам VI Міжнароднага пленэру ганчароў.

Гараднянскі кірмаш, 2016 год, фота з архіва МП

Адначасова з кірмашом адбудзецца свята вёскі Гарадная. Пройдуць мерапрыемствы на плошчы Клімчука.

Як паведамілі Медиа-Полесью спецыялісты Столінскага раённага метадычнага цэнтра,  з 10.00 гадзін на плошчы пачне працу Горад майстроў з выставай-продажам ганчарных вырабаў і вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва народных майстроў раёна і вобласці, выставы народнай творчасці ўстаноў і арганізацый сельскага Савета.

Вопытныя ганчары правядуць майстар-класы па вырабе гаршкоў, адбудзецца розыгрыш латарэі “Гліняны звон”.

На дзіцячай гульнявой пляцоўцы будуць працаваць работнікі Цэнтра дзіцячай творчасці і Рухчанскага СДК. На свяце адбудзецца сустрэча з мясцовымі самадзейнымі паэтамі.

У 11.00 гадзін святочным шэсцем і тэатралізаванай замалёўкай “Гуляй, кірмаш!” пачнецца ўрачыстая частка кірмашу.

У праграме свята – урачыстае даставанне посуду з горну, наведванне сядзібы ганчара, Цэнтра ганчарства, прагляд работ удзельнікаў Міжнароднага пленэру з розных краін свету, ушанаванне ўдзельнікаў пленэру і ганаровых жыхароў Гарадной, ускладанне кветак да помніка загінуўшым воінам у час вызвалення вёскі, вялікая канцэртная праграма творчых калектываў Століншчыны і вакальнай групы “Адзінства” Пінскага пагранатрада.

Заехаць у Гарадную можна спецыяльным аўтобусным рэйсам. Адпраўленне з аўтавакзала г. Століна ў 9.30, назад - у 15.00 з Гарадной. Паколькі Гарадная ўваходзіць у памежную зону, абавязкова патрэбна мець пры сабе пашпарт.

Афиша






-