28 марта 2024, четверг19:55

Общество

Старажыл палескай вёскі: “З людзьмі нада быць харошым”

21 ноября 2018, 16:32

Пра нялёгкае калгаснае жыццё, пра вайну, пра тое, якім трэба быць па жыцці распавядае 84-гадовы паляшук Віталь Ляпешка.

Нарадзіўся Віталь Сідаравіч Ляпешка ў вёсцы Калоднае ў 1935 годзе. У сям’і Сідара Сцяпанавіча і Праскоўі Фёдараўны ён быў трэцім сярод чатырох дзяцей (Зінаіда, Пятро, Віталь, Васіль).

На дзяцінства Віталя Ляпешка прыйшліся і гады Вялікай Айчыннай вайны, што забрала яго бацьку. Назаўжды тата застаўся ляжаць у брацкай магіле ў Польшчы.

Узгадваючы дзяцінства, Віталь Сідаравіч успамінае нямецкіх салдат, якія пэўны час жылі ў хатах вяскоўцаў. Кажа, што іх, малых, не крыўдзілі.

– Яны як у хату зойдуць, то нас на печ загоняць. А мы з-за коміна выглядвалі. Нас яны не крыўдзілі, адзін нават мне карты падарыў. У Сцяпанавай хаце кухня стаяла. Там немцы ежу гатавалі, потым развозілі салдатам. Дык іх повар яшчэ з бярозак крыжыкі рабіў, якія потым ставіў на нямецкіх могілках, што каля школы, дзе немцаў забітых хавалі, – узгадвае ваеннае дзяцінства Віталь Ляпешка. – Яшчэ помню, як на хутары самалёт стаў “сячы”. Мы тады ўсе ў пограб пахаваліся.

Так сталася, што службу ў арміі Віталь Ляпешка праходзіў у Германіі.

Пасля смерці бацькі на плечы маці ляглі ўсе турботы аб дзецях. Тры сыны і дачка дапамагалі матулі  ў гаспадарчых справах. Скончыўшы пачатковую школу, многія вясковыя хлопчыкі таго часу пачыналі працаваць у калгасе, бегалі на працу туды і браты Ляпешкі.

– Усё рабілі, – успамінае пра дзіцячыя гады Віталь Ляпешка. – У калгасе нам даручалі вазіць снапы, як у нас кажуць, на “Схэды”, каб потым скірдаваць іх там. А як павозім снапы, то пару коней запрагалі – і пашам у полі. Прыбіралі яшчэ за каровамі ў кароўніках. Брыгадзір, дзядзька Іван Яваровіч, называў нас тады “камса”. Чаму “камса”? Бо ўсе малыя там рабілі. Мужчын было мала пасля вайны, кожны здольны працаваць патрэбны быў.

Пасля дарослай працы ў калгасе падлеткі спяшылі дамоў. У хатняй гаспадарцы былі карова і конь, авечкі і свінні, куры – усё, што маглі, усё гадавалі.

З 1954 года ў працоўнай кніжцы, якая ў ідэальным выглядзе захавалася ў Віталя Ляпешкі, вядуцца запісы аб яго працы. Па 1953 год дакументаў, што падцвярджалі працу падлетка, а потым юнака ў калгасе, не захавалася.

Працоўная кніжка Віталя Ляпешкі

Працаваць у калгасе пачынаў з палявода, пэўны час быў прыцэпшчыкам, а затым – трактарыстам. Для гэтага вучыўся ў Давыд-Гарадку.

– Трактарыстам вырашыў стаць, бо ў палявода зарплаты толкам не было, – расказвае Віталь Ляпешка. – Калгас направіў на вучобу. Разам са мной тады з вёскі паехаў Коля Басавец ды яшчэ трое мужчын з Радчыцка.  Зіму вучыліся там.

Першы трактар, які даверылі Віталю Ляпешка, быў “Беларус”:

– На тым “Беларусе” да мяне Вася “Партызан” рабіў. 20 гадоў я на тым трактары ад зары да зары адрабіў. Потым ездзіў у Мінск з бухгалтарам Сяргеем Рубанам па новы трактар для калгаса. Вось працаваў потым на ім, праз суткі мяняўся з напарнікам Іванам Цярэшкам, – узгадвае пенсіянер. – І салому скірдаваў, а як плугі паставяць, то да маразоў араў поле. І ноччу даводзілася часта араць. Як рана заправіўся, працаваў увесь час. Дамоў далёка пасля змяркання варочаўся.

Як адзначае былы трактарыст, за гады яго працы ў калгасе, гаспадарка не раз пераімяноўвалася, а старшынь калгаса, як ён кажа, чалавек шэсць змянілася.

Ёсць у Віталя Ляпешкі і ўзнагароды за добрасумленную працу. У 1976 годзе ён стаў лепшым сярод іншых працаўнікоў вобласці на ўборцы сенажу. Пасля гэтага разам са старшынёй калгаса ён ездзіў у Манькавічы, дзе атрымаў узнагароду. Той самы падарунак, транзістар, і цяпер стаіць на шафе ў доме Ляпешкі. А на ім  надпіс: “Лепешко В.С. – победителю соцсоревнования на уборке урожая 1976г.”

З тым самым транзістарам

А яшчэ Віталь Ляпешка захоўвае гадзіннік, які яму падаравалі з нагоды намалоту трохсот тонн збожжа.  Гэты гадзіннік яму ўручыў старшыня калгаса. Не адно лета адпрацаваў, убіраючы ўраджай на камбайне.

Гадзіннік, як і транзістар, захаваўся

У 1958 годзе Віталь Сідаравіч ажаніўся з Соф’яй Міхайлаўнай. У сям’і нарадзіліся дзве дачкі і сын.

– Як жаніўся, хату рабіў на хутары, на Корыкаве. Потым прадаў яе і купіў у вёсцы. Да нас тут жыў былы дырэктар школы Мікалай Быбка, – расказвае Віталь Ляпешка. – А калі новы будунык школы рабілі, то частку нашага агароду забралі пад школьную тэрыторыю. Узамен далі кавалак зямлі цераз дарогу. Мне тады два рады яблынь прыйшлося перасаджваць на другі ўчастак, каб вызваліць, перададзены пад школу.

З акна хаты відаць частка будынка мясцовай школы

Пасля працы ў калгасе Віталь Ляпешка яшчэ пяць гадоў працаваў  паштальёнам. Смеючыся, ён кажа, што такая праца намнога лягчэйшая за працу трактарыста, нават і параўноўваць нельга. Пасля пошты ён выйшаў на пенсію.

Без справы аніяк! Фота са старонкі гурта “Калоднае” ў Аднакласніках

Дачка Валянціна цяпер жыве ў Пінску, а Лілія – у Лунінцы. Сын Міхаіл заўчасна пайшоў з жыцця. Не стала і любай жонкі. Таму Віталь Сідаравіч з нецярпеннем чакае кожнага прыезду дочак. Асабліва радуецца, калі наведваюць унукі Андрэй і Эліна са сваімі сем’ямі.

Соф’я і Віталь Ляпешкі. Фота са старонкі гурта “Калоднае” ў Аднакласніках

З задавальненнем дзядуля бавіць час з праўнучкай Ксюшай, якая жыве з бацькамі ў Брэсце. Віталь Сідаравіч прызнаецца, што аднаму і сумна, і цяжка. Аднак, нягледзячы на тое, што дочкі клічуць да сябе, ехаць да іх ён не хоча: “Не хочацца – родны кут лепш”. Віталь Сідаравіч не ўяўляе, як можна цяпер змяніць прывычнае яму жыццё ў вёсцы на горад. 

З праўнучкай Ксюшай

Пра яго самаго суседка Яўгенія Мазоль кажа, што вельмі добры ў яе сусед, ды і суседка, бабуля Соня, таксама добрая была. А дачка яшчэ аднаго суседа, які жыў крыху далей, Васіля Моніча, Любоў узгадвае, што Віталь Сідаравіч вельмі дапамог яе бацькам.

Віталь Сідаравіч разглядае вясельны фотаздымак унучкі Аліны

– Помню, як брат з сям’ёй пасля Чарнобыля пераехаў у Расію, бацьку трэба было восенню бульбу адараць. За плугам ён не мог самастойна ўправіцца: нялёгкая праца ў кузні і цяжкае раненне ў вайну далі аб сабе знаць. Бацькі перажывалі, што не ўдасца паспець своечасова ўраджай сабраць. Дзядзька Віталь пашкадаваў бацьку. Аднойчы сам прыйшоў і прапанаваў адараць бульбу. Потым рабіў гэта вельмі часта. І сена не адзін раз вазіў, асаку прывозіў карову падсцілаць. За сваю працу ў якасці аплаты нічога ніколі не браў. Увогуле, ён чулы і паважлівы да людзей заўсёды.

Віталь Сідаравіч з коцікам. Фота са старонкі гурта “Калоднае” ў Аднакласніках

– З людзьмі нада быць харошым, не сварыцца, жыць, радавацца жыццю і не хварэць,  – раіць Віталь Ляпешка.

 


Все регионы

Фото: ТГ унинецкого райисполкома
Фото иллюстрационное из архива Медиа-Полесья
Фото из архива
Фото использовано в качестве иллюстрации, из архива МП

В стране и мире

Фото использовано в качестве иллюстрации, yandex.ru
Минск, университет БНТУ, проспект Независимости
Фото использовано в качестве иллюстрации. Фото: Reuters
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: pixabay.com
Фото: ГУР Украины
Никита Литвинович. Фото: vk.com
Здание ГУБОПиК МВД в центре Минска. Фото:
сахащик

Полешуки

Очень вкусно

В фокусе - Полесье

Для тебя