Реклама Google

Столин

VІ Міжнародны пленэр ганчароў сышоў у гісторыю

Гараднянскі кірмаш стаў фіналам VІ Міжнароднага пленэру ганчароў у вёсцы Гарадная. Сёння ганчары ад’язджаюць з Палесся.

VІ Міжнародны пленэр ганчароў у вёсцы Гарадная прайшоў пры арганізацыі ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама і пры падтрымцы аддзела культуры Столінскага райвыканкама.

30 майстроў-ганчароў з розных краін свету прынялі ўдзел у V| Міжнародным пленэры ганчароў у вёсцы Гарадная. Усіх іх віталі на свяце.

Віталі і гараднянскіх ганчароў: Аўраама Басаўца, Сяргея Бяляўскага, Івана і Сяргея Шэлестаў, Адама Шэлеста, Макара Шэлеста, Рыгора Кавалька, Васіля Казачка, Ірыну і Аляксандра Аўчыннікавых.

Ганчары прайшлі ва ўрачыстым шэсці

Артысты падтрымлівалі святочны настрой

Удзельнікі пленэрe, мясцовых майстроў і жыхароў Гарадной ушаноўвалі падчас святочнай канцэртнай праграмы. Ва ўрачыстым шэсці прайшлі ганчары ў суправаджэнні творчых калектываў да сцэнічнай пляцоўкі.

Жыхароў і гасцей свята частавалі  хлебам

Па кавалачку атрымалі і ганчары

Кветкі да помніка ўсклалі ганчары і прадстаўнікі ўлады, культуры

Старшыня Столінскага райсавета дэпутатаў Аляксандр Ярашэвіч і начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыкнкама Сяргей Панасюк павіншавалі прысутных са святам і ўручылі ўдзельнікам пленэру ўзнагароды.

 Надзея і Іван Ільіны

Загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко падкрэсліла, што ніколі не пераставала круціцца ганчарнае кола гараднянскіх майстроў.

– На Беларусі было шмат буйных ганчарных цэнтраў, якія зніклі цалкам і нічога не засталося. А ў нас – цудоўны музей, у нас маладыя ганчары з’явіліся, чым мы асабліва ганарымся, – дадала Ларыса Быцко.

Ларыса Быцко на святочнай сцэне

Кірмаш супаў са святкаваннем 570-годдзя Гарадной. Таму ў гэты дзень адбылося ўшанаванне мясцовых жыхароў. Старшыня Гараднянскага сельвыканкама Мікалай Лічэўскі вітаў аднавяскоўцаў, віншаваў людзей настаяцель праваслаўнай царквы вёскі Гарадная айцец Віктар, прадстаўнікі Каладнянскага лясніцтва, КСУП “Агра-Глінка”, райспажыўтаварыства, раённага аб’яднання прафсаюзаў, раённай газеты.

Старэйшая жыхарка Гарадной Аляксандра Гмір, якой споўнілася 95 гадоў

На традыцыйным Гараднянскім кірмашы майстры прадставілі калекцыі сваіх  работ, многія з вырабаў можна было набыць. Гліняны посуд, свістулькі для дзяцей, медальёны і іншыя рэчы прыйшліся даспадобы гасцям свята.

Сваёй прадукцыяй гандлюе Васіль Гмір

Ганчар Макар Шэлест (у цэнтры)

На кірмашы разгарнулі свае вырабы народныя ўмельцы

Так ганчар дэманструе трываласць уласнага посуду

Жадаючыя маглі наведаць Цэнтр ганчарства, дзе размешчаны працы ўдзельнікаў мінулых пленэраў, а таксама работы мясцовых ганчароў.

Іван Шэлест праводзіць майстар-клас

Гараднянкі

Успаміны ад свята захаваюцца ў памяці яго ўдзельнікаў на доўгія гады. А праз два гады Гарадная зноў прыме Міжнародны пленэр ганчароў.

ДАВЕДКА “МП”

Міжнародныя пленэры ганчароў у вёсцы Гарадная праходзяць з 2008 года. Раз у два гады збіраюцца тут майстры не толькі з Беларусі, але і з іншых краін свету. У чатырох пленэрах удзельнічалі ўжо ганчары з 12 краін свету. Цэнтр ганчарства вёскі Гарадная быў створаны ў 2003 годзе з мэтай захавання і папулярызацыі лепшых традыцый народнага ганчарнага промыслу, адной з галін рамесніцкага промыслу.