28 марта 2024, четверг17:02

Культура

Як грузіны ўвасобілі беларускую мару

13 января 2015, 13:56

Аксана Маслак калісьці пераехала ў Тбілісі з Кіева і з сяброўкай адчыніла ў сталіцы Грузіі кавярню-галерэю «Цільда». Тут можна выпіць кавы, паглядзець і набыць творы мастацтва, сувеніры... Але ці лёгка гэта было зрабіць?
«Пачаць бізнес у Грузіі вельмі проста. Спачатку мы сабралі спіс неабходных дакументаў. У Доме юстыцыі з гэтай справай усяляк дапамагаюць. Нават даюць тыповы статут установы, — распавядае Аксана Маслак. — Мы прынеслі дакументы ў панядзелак і забралі праз тры дні. Але, як трэба тэрмінова, то дакументы можна забраць цягам некалькіх гадзін. У падатковай інспекцыі рэгістрацыя і атрыманне касавага апарата занялі 15 хвілін. За паўтара гады працы нашага падатковага інспектара мы бачылі адзін раз. Жанчына рабіла абход сваіх падапечных, правярала, ці на месцы ўсе дакументы. Пакінула візітоўку і сказала тэлефанаваць ёй, як будуць нейкія пытанні. Ніякіх прыярытэтаў перад грамадзянамі Грузіі ў замежнікаў няма, усе роўныя перад законам».

Асобнага расповеду заслугоўваюць Дамы юстыцыі ў Грузіі. Гэтыя ўстановы можна назваць суперканцэнтратам прынцыпу «адно вакно». Іх дзейнасць пабудавана на прынцыпах самаакупальнасці. Унікальнасць Дамоў юстыцыі ў тым, што яны аказваюць каля трох соцень відаў паслуг — ад атрымання розных даведак і дакументаў да аплаты рахункаў, у тым ліку і за жыллёва-камунальныя паслугі. У залежнасці ад складанасці працэдуры, дакумент можна атрымаць за 5 хвілін ці за 3 месяцы (напрыклад, калі вырашаецца пытанне аб атрыманні грамадзянства, і прымае яго асабіста прэзідэнт Грузіі). Тэрміны атрымання большасці паслуг пры жаданні могуць быць скарочаныя, але за дадатковую плату. Напрыклад, замежны пашпарт выдаюць праз дзесяць дзён, але можна аплаціць паслугу і атрымаць гэты дакумент праз дзень.

У Грузіі ўсяго пяць падаткаў. Калі прадпрыемства дасягне планкі абароту ў сто тысяч лары (прыкладна 50 тысяч еўра), то пачынае плаціць падатак на дабаўленую вартасць. Але калі цягам некалькіх год прадпрыемства не паказвае росту абаротных сродкаў, то падатковая можа зацікавіцца гэтым пытаннем.

У Грузіі рэформы былі скіраваныя ў тым ліку і на змену свядомасці грамадзян. Напрыклад, у тым, што падаткі трэба плаціць, бо з іх дзяржава будуе сацыяльныя аб’екты. І працаваць, натуральна, таксама трэба празрыста. Тут вялікія штрафы за адсутнасць касавага апарата, не прабітыя чэкі.

Але вернемся да кавярні. Сумяшчэнне столькіх відаў дзейнасці — ад аб’екта грамадскага харчавання да тэатральнай студыі — на невялікай плошчы кавярні ў беларускай свядомасці спараджае пытанні кшталту: «Як на гэта глядзяць санстанцыя і МНС?» Але такіх кантралюючых органаў у Грузіі няма.

«Гэтыя моманты ў арганізацыі працы трымаюцца на сумленні, — тлумачыць Аксана Маслак. — Ёсць установы з вельмі высокім узроўнем, а ёсць і месцы, у якія мы прынцыпова не ходзім. У характары грузін ёсць некаторая бестурботнасць. І таму мінулай зімой, напрыклад, здаралася многа пажараў, былі загаранні ў кватэрах. Але менавіта гаспадар мусіць дбаць пра сваю маёмасць і бяспеку. Мы, да прыкладу, калі рабілі ў кавярні рамонт, перагледзелі ўсю праводку, каб не было сюрпрызаў. А насупраць нашай кавярні ўначы загарэлася рэстарацыя — нешта недагледзелі».

ПАЎДНЁВЫ ТЭМПЕРАМЕНТ І КАНСЕРВАТЫЗМ

Паводле словаў Аксаны, яе знаёмыя ўкраінцы, якія прыязджаюць у Грузію займацца бізнесам, дасягаюць поспеху. Бо ўмовы працы не экстрэмальныя, ніхто не тузае і не перашкаджае. Працуй, абы было жаданне!

«У саміх жа грузінаў, як у многіх паўднёвых народаў, гэтага жадання працаваць часта нестае. А легенда пра залатое цяля не дае спакою, і хочацца, каб здарылася нешта вялікае-добрае, і працаваць не трэба было, — добразычліва кпіць з тубыльцаў Аксана. — Горад спіць у дзесяць раніцы, ёсць неабавязковасць у характары. Мы прыкладна праз паўгода працы перасталі пісаць сабе планы на дзень. Бо сустрэчы спаўзалі ў часе, адмяняліся. У грузінаў ёсць здольнасць «знікаць»: дамовіцца пра сустрэчу, не прыйсці на яе, не адказваць на тэлефон, а потым шчыра абурацца: «Як я мог так зрабіць!».

Разам з тым саўладальніца кавярні адзначае, што Грузія — кансерватыўная краіна, і гэта пакідае адбітак і на ўмовах вядзення бізнесу.

«Трэба заваёўваць рынак, публіку. Грузіны могуць гадамі хадзіць у адну і тую ж кавярню, хінкальную. Тут няма такога шырокага спектру рэстарацыяў з кухнямі краін свету, як, напрыклад, у тым жа Кіеве. Грузіны аддаюць перавагу сваёй кухні. Адкрылі ў Тбілісі вялікі рэстаран украінскай кухні, але ў хуткім часе побач з варэнікамі і баршчом у меню з’явіліся хінкалі і харчо. Ад гэтага нікуды не падзенешся. Але працаваць тут лёгка і прыемна», — рэзюмуе Аксана.

Да слова, у Грузіі можна жыць і без ведання грузінскай мовы. Рускай і англійскай дастаткова нават для вядзення бізнесу, а не толькі побытавых кантактаў. Але, натуральна, веданне дзяржаўнай мовы будзе вялікім плюсам.

Апісваючы нацыянальны характар, Аксана прыгадвае выслоўе: «грузіны як дзеці». І пагаджаецца з ім: тут лёгка займець сяброў, але так жа хутка можна стаць аб’ектам непрыязнага стаўлення.

Аксана Маслак

«Калі адбываліся падзеі на Майдане, то многія грузіны мне казалі, што яны не вытрымалі б проста так паўгода стаяць, а нешта б такое зрабілі. Грузіны сапраўды хутка загараюцца, расчароўваюцца. Мужчыны часта не працуюць, бо чакаюць не менш за пасаду дырэктара. Іншая справа — жанчыны. Яны адказна да ўсяго ставяцца, імкнуцца вырашыць пытанне. У краіне, на мой погляд, пануе матрыярхат. Жанчына ў сям’і — шэры кардынал. Але, — смяецца суразмоўца, — насамрэч кіруе ўсім мама мужа — традыцыі моцныя».

Пра хуткасць настрояў і пэўны інфантылізм нацыянальнага характару распавядае і палітолаг Гіа Нодзіа. Хаця звонку, паводле навінаў са СМІ, можа падавацца, што грузіны рашучыя і дакладна ведаюць, што рабіць і чаго чакаць.

І ўсё ж, нягледзячы на іскрыстасці нацыянальнага характару і няпросты шлях рэформаў, Грузія змагла змяніць ментальнасць людзей і лад жыцця. Грамадства было стомленае ад вайны, галечы, крыміналу і дало ўраду Міхаіла Саакашвілі вялікі мандат на перамены. Чым тагачасныя ўлады і скарысталіся паспяхова.

«Каманда была даволі мэтанакіраваная, з думаючымі людзьмі, і яны змаглі скарыстацца гэтым шанцам, гістарычным момантам. Думаю, на грузінскі выбар паўплывала і геаграфія, бо Усход як мусульманскі свет за ўзор не разглядаўся. Расія, так склалася гістарычна, уяўляе небяспеку для нацыянальнай самасвядомасці. Нам заставалася абраць досвед заходняй цывілізацыі», — рэзюмуе палітолаг.

БЕЛАРУСКІ ГАЛАЎНЫ БОЛЬ

Пра вядзенне бізнесу ў Беларусі словаў «лёгка і прыемна» яшчэ ні ад каго не даводзілася пачуць. У справаздачы Сусветнага банка «Вядзенне бізнесу» Беларусь заняла 57-е месца сярод 189-ці дзяржаў. У Расіі і Казахстана пазіцыі яшчэ горш: 62-е і 77-е месца адпаведна. Грузія ў гэтым рэйтынгу займае 15-е месца.

Мастачка Ніка Сандрас мае намер стварыць майстэрню-краму. Але, паводле яе словаў, апасаецца, што задуму будзе не так проста рэалізаваць. «У пачатку студзеня я буду сустракацца з юрыстам. Думаю, гэта будзе складаная бюракратычная тэма. Мне зразумела, дзе і што я хачу купіць, але не ведаю, як гэта прывезці і прадаваць. Для мяне важна, каб ні падатковая, ні іншыя інстанцыі не маглі прад’явіць прэтэнзій. Пакуль не зразумела, з якога боку падыйсці да сваёй задумы», — гаворыць мастачка.

Уладзімір (прозвішча называць адмовіўся) працаваў дырэктарам адной са сталічных рэстарацый. І водгукі пра ўмовы для бізнесу, асабліва ў сферы грамадскага харчавання, у яго вельмі крытычныя:

— Калі захочаце адкрыць рэстаран ці кавярню з нуля, а не купіць гатовы бізнес, то рыхтуйцеся прайсці многа ўзгадненняў. Калі кавярня з кухняй, а не толькі бар, то пытанняў будзе яшчэ больш. Гэта такая цягамоціна, я вам скажу… Пачнеце працаваць — і ў любы час і дзень можа прыйсці любая праверка. Калі ім нешта не спадабаецца, то, у лепшым выпадку, выпішуць штраф, у горшым — прыкрыюць вашу ўстанову. У Беларусі ў любым грамадскім харчаванні ёсць легальная схема працы і міма касы. Там, дзе я працаваў, 80–90% грошай праходзіла праз другую форму разліку. Калі ўсё паказваць, то проста не выцягнеш свой бізнес. І рэалізуецца гэта проста. Напрыклад, замаўляюць банкет. Складаецца меню, прадукты купляюць на рынку, частку безнаяўнымі грашыма. Разлік, натуральна, адбываецца наяўнымі. А потым па дакументах замова адмяняецца. Так і працуюць. Ведаеце, у нас усё было б намнога таннейшым, калі б не такое вар’яцкае падаткаабкладанне.

На пытанне, ці складана сумясціць кавярню, галерэю і месца для творчых курсаў, суразмоўца адрэзаў: «Навошта вам столькі галаўнога болю? Я б за такое ў нашых умовах не браўся».

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы MYMEDIA/DANIDA


Все регионы

Фото иллюстрационное из архива Медиа-Полесья
Фото из архива
Фото использовано в качестве иллюстрации, из архива МП
Фото используется в качестве иллюстрации

В стране и мире

Минск, университет БНТУ, проспект Независимости
Фото использовано в качестве иллюстрации. Фото: Reuters
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: pixabay.com
Фото: ГУР Украины
Никита Литвинович. Фото: vk.com
Здание ГУБОПиК МВД в центре Минска. Фото:
сахащик
На украинско-белорусской границе / facebook.com/vitaliy.bunechko/

Полешуки

Очень вкусно

В фокусе - Полесье

Для тебя