Пинск

Яшчэ аднаго пінскага актывіста пакаралі штрафам за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве

Алесь Аўсеенка не здолеў дабіцца адмены ранейшага прысуду, ён пакараны штрафам у памеры 20 базавых велічыняў.

Алесь Аўсеенка будзе аспрэчваць і гэтае рашэнне суда

Нагадаем, 28 ліпеня суд Пінскага раёна і горада Пінска пачаў паўторны рзгляд справы ў дачыненні да Алеся Аўсеенка, якому інкрымінуецца ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве на плошчы Леніна 26 сакавіка.

Раней, 27 красавіка, спадар Аўсеенка ўжо быў завочна асуджаны за гэтыя дзеянні і пакараны штрафам у 20 базавых велічыняў. Аднак пінчук абскардзіў рашэнне мясцовага суда. Праз працэдурныя парушэнні Брэсцкі абласны суд адмяніў судовы вырак і вярнуў справу на перагляд у Пінск.

У першы дзень працэсу суддзя Андрэй Бычыла пагадзіўся весці справу па-беларуску. Алесь Аўсеенка сваёй віны не прызнаў, пагадзіўся, што прысутнічаў на плошчы Леніна 26 сакавіка. Ён выступіў з прамовай, у якой апісаў падзеі таго дня, абгрунтаваў сваё права на ўдзел у мірных акцыях, даў ацэнку стану з правамі чалавека ў краіне, назваў судовыя пераследы ўдзельнікаў мірных акцый палітычнымі рэпрэсіямі і прапанаваў скончыць ягоную справу за адсутнасцю складу адміністрацыйнага правапарушэння.  

Таксама Аўсеенка выступіў з хадайніцтвамі выклікаць  у суд некалькіх сведак (у тым ліку кіраўніка міліцыі Пінску) і атрымаць адказ ад Пінскага гравыканкама, ці было забаронена мерапрыемства на плошчы Леніна 26 сакавіка.

Суд задаволіў гэтыя хадайніцтвы і перанёс працэс на 10 жніўня.

10 жніўня суддзя апытаў у якасці сведкаў трох супрацоўнікаў Пінскага ГАУС: двух участковых інспектараў і супрацоўніка патрульна-паставой службы. Міліцыянеры адказавалі на пытанні суддзі і Алеся Аўсеенка па-руску.

Адміністратыўны працэс у дачыненні да актывіста праводзіў участковы Уладзімір Жылевіч. На судзе ён папрасіў звяртацца да яго па-руску. Суддзя просьбу не задаволіў. Тады ён паведаміў, што працэс распачаў на падставе рапарта ад Пінскага ГАУС. Нягледзячы на ўсе свае намаганні, ён не здолеў паразмаўляць са спадаром Аўсеенкам, таму ў справе ёсць толькі паказанні сведкаў-міліцыянераў і пратаколы-апытанні суседзяў падазраванага.

Іншыя міліцыянеры-сведкі распавялі, што прысутнічалі на плошчы 26 сакавіка. Перад заступленнем на службу іх праінфармавалі, што ў гэты дзень скапленням людзей на плошчы Леніна знаходзіцца забаронена, таму што там ніякіх масавых мерапрыемстваў праводзіць не дазвалялася. Супрацоўнікам міліцыі ставілася задача не дапускаць масавых беспарадкаў, запамінаць як мага больш цывільных асобаў, якія знаходзіліся на плошчы.

Па словах сілавікоў, людзі на плошчы паводзілі сябе спакойна, але ў прамовах паміж сабой выказываліся негатыўна аб існуючай уладзе. Да прысутных некалькі разоў выходзілі начальнік Пінскага ГАУС і ягоны намеснік, яны прасілі спакойна разысціся. Аднак людзі не слухаліся, таму было праведзена некалькі затрыманняў.

Спадара Аўсеенка яны пазналі па фатаздымках, якія ім паказалі ў ГАУС. Сілавікі ўпэўненыя, што 26 сакавіка Аўсеенка быў на плошчы, але як сябе паводзіў, не памятаюць, бо прайшло шмат часу. Аднак ад ранейшых сваіх паказанняў не адмаўляюцца. Яны не змаглі апісаць прыкметы несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Суд таксама атрымаў даведку ад Пінскага грвыканкама аб тым, што з заявай аб правядзенні масавага мерапрыемства на плошчы Леніна 26 сакавіка ніхто не звяртаўся, таму мясцовыя ўлады ніякіх забаронаў не давалі. Аднак усе падобныя мерапрыемствы павінны праходзіць у адпаведнасці з  заканадаўствам і ў вызначаных для гэтага месцах.

У сваім выступе Алесь Аўсеенка яшчэ раз падкрэсліў, што не рабіў ніякага правапарушэння і лічыць, што патрапіў пад палітычны пераслед. Згодна з Канстытуцыяй Беларусі, народ мае права на мірныя сходы. А чыноўнікі і праваахоўнікі павінны за грошы падаткаплацельнікаў абслуговываць свой народ. Напрыканцы прамовы спадар Алесь прапанаваў прызнаць адсутнасць у сваіх дзеяннях складу адміністратыўнага правапарушэння і спыніць справу. Таксама актывіст прапанаваў вынесці прыватнае вызначэнне ў адрас кіраўніцтва пінскай міліцыі і правесці прававыя курсы для супрацоўнікаў міліцыі.

11 жніўня было зачытана рашэнне -  прызнаць Алеся Аўсеенка вынаватым у парушэнні часткі 1 артыкулу 23. 34 КоАПП РБ “Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў”. Яму прызначаны штраф у памеры 20 базавых велічыняў.

Афиша