Реклама Google

Столин

“Згадка” адзначае 25-годдзе

25 год споўнілася ўзорнаму аб’яднанню аматараў фальклору “Згадка” Мачульскага сельскага дома фальклору. Менавіта з лістапада 1989 года пачаў сваю творчую дзейнасць гэты дзіцячы калектыў пад кіраўніцтвам Ірыны Мікалаеўны Ляшкевіч. Гэта адзіны такі дзіцячы калектыў калектыу ў аддзеле iдэалагiчнай работы, культуры i па справах моладзi Столiнскага райвыканкама.

За чвэрць стагоддзя цераз “Згадку” прайшлі больш за сотню хлопчыкаў і дзяўчынак – юных жыхароў палескай вёскі Мачуль. Некалі ў ёй спявалі бацькі сённяшніх удзельнікаў аб’яднання. Тры былыя “згадкаўцы” прафесійна звязалі сваё жыццё з культурай. Гэта Вольга Арловіч (пасля заканчэння вучобы ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў яна вярнулася на Століншчыну, дзе дапамагае маці, Ірыне Ляшкевіч, у рабоце з калектывам), Юрый Ляшкевіч і Васіль Мельнік. Дарэчы, апошні – жыхар суседняга Рамля.

 

У ліпені гэтага года на пленэры ганчароў, што прайшоў у Гарадной, “Згадка” падцвердзіла сваё званне. Зараз у калектыве 15 удзельнікаў, трое з іх – хлопчыкі. У пераважнай колькасці ўсе дзеці – вучні мясцовай школы. Узрост удзельнікаў – ад дзявяці да пятнадцаці гадоў. Самая малодшая спявачка – чацвёракласніца Алена Логвінка.  

“Спявалі спачатку песні розных рэгіёнаў Беларусі, пасля ў рэпертуар пачалі дабаўляць мясцовыя песні”, – успамінае першыя гады “Згадкі” Ірына Ляшкевіч. З самых любімых песень сённяшняга складу аб’яднання – мачульскія песнні “Ой, п’е, чумак, п’е” і “Ой, у лузе, пры дарозе”, а, так скажам, не з мясцовых – “Ой, я павяду коніка паіці”, “Цячэ рэчка каламутна”.  Рэпетыцыі праходзяць чатыры разы на тыдзень. Перад канцэртамі яны доўжацца нават тры-чатыры гадзіны запар.

 

З самых значных сцэнічных пляцовак, на якіх выступала мачульская “Згадка”, – сцэна Ровенскага абласнога тэатра Украіны падчас фестывалю традыцыйнай народнай творчасці “Драўлянскі джэрэла” ў 1998 годзе (“Ногі тады ў самой дрыжалі. Вось так моцна хвалявалася”, – кажа Ірына Ляшкевіч.) і сцэна ДК Мінскага трактарнага завода ў 2000 годзе.

Кіраўнік калектыву гаворыць, што ў марах – выступленне на сцэнічных пляцоўках у Польшчы, асабліва за Познанню. На пытанне: “Чаму менавіта там?” адказвае, што ў тым рэгіёне ёсць вёска, дзе жыве шмат выхадцаў з Мачуля. Яны стварылі ў сябе музей беларускай культуры і хоць ужо не адзін дзясятак жывуць у Польшчы, не забываюць пра Беларусь, пра зямлю, дзе нарадзіліся і адкуль пераехалі іх продкі. Таму і хочацца паглядзець як жыве “мачульская дыяспара” ў Польшчы і парадаваць іх сваёй творчасцю.

Калектыў не спыняецца на тым, што ёсць. У планах, як адзначае кіраўнік аб’яднання, – удасканальваць выкананне народных песень, уводзіць трохгалосыя спевы. “Хочацца максімальна наблізіцца да аўтэнтычнага выканання, – адзначае Ірына Ляшкевіч. – Песень хапае, матэрыял, які хочацца вучыць, ёсць. Добра было б заняцца мясцовымі танцамі, а яшчэ ўвесці больш інструментаў”. Апошнім часам у “Згадцы” пачалі выкарыстоўваць бубен, ужо былі першыя спробы работы з дудкамі. Дарэчы, гэтыя інструменты набыты на ўласныя сродкі Ірыны Мікалаеўны.  

Самым галоўным музычным інструментам па-ранейшаму застаецца баян, нязменны памочнік “Згадкі” ўсе 25 год запар. Дарэчы яму, баяну, ужо 38 год. “Мой баян аб’ездзіў усе фестывалі і конкурсы, – расказвае Ірына Ляшкевіч. – Вось каб удалося знайсці майстра, які мог бы яго падлатаць, падрамантаваць”. Ірына Ляшкевіч дадае, што была б вельмі ўдзячна аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Столінскага райвыканкама, каб там звярнулі ўвагу на гэты дзіцячы калектыў і дапамаглі ў набыцці для яго баяна.

 

“Сцэнічныя касцюмы  пашыты рукамі бацькоў юных артыстаў. У некаторых сем’ях яны перадаюцца ад старэйшых сясцёр малодшым. І добра, калі пасля застаюцца ў “Згадцы”, – кажа кіраўнік аб’яднання. – Многім з гэтых касцюмаў па дваццаць гадоў, а ёсць і такі, якому ўсе дваццаць пяць. Канешне, яны старыя, лёгка рвуцца – толькі зачапі. Таму патрабуюць замены, а сродкаў на гэта няма”. Не хапае ўдзельнікам і мужчынскіх вышытых сарочак. Улічваючы, што хлопцаў у “Згадцы” менш, чым дзяўчат, то для выступленняў хапіла б пяці.

 

Год пяць таму СПК “Палеская ніва” у прамым сэнсе гэтага слова выручыў калектыў, выдзяліўшы сродкі для набыцця абутку. За што яму ў “Згадцы” вельмі ўдзячны.

Праблемы, як відаць, ёсць. Але “згадкаўцы” разам з кіраўніком стараюцца пераадольваць іх. Творчасць – гэта асноўнае, што іх аб’ядноўвае. Але без матэрыяльнай падтрымкі ў такой справе зараз таксама не абысціся.

Творчых поспехаў вам, “згадкаўцы”, натхнення, шчасця і здароўя на доўгія гады. Няхай яшчэ не адно пакаленне мачульцаў будзе выхавана на беларускім фальклоры. 

Афиша