Столин

Ірына Ляшкевіч: “Тут песня жыцця, і прасторы, і волі. Тут мой паратунак ад гора й бяды”

Імя Ірыны Ляшкевіч вядома ў культурных колах Брэстчыны і па-за яе межамі. Ад прыроды надораная талентам, жанчына стараецца захоўваць гэты шчодры падарунак: піша вершы, спявае, займаецца ўзнаўленнем мясцовых абрадаў. На вершы Ірыны Ляшкевіч мясцовыя музыканты пішуць музыку.

 

ДАВЕДКА:

Ірына Ляшкевіч нарадзілася ў вёсцы Мачуль. Тут жа скончыла агульнаадукацыйную школу і музычную школу ў в. Альшаны. Пасля заканчэння Беларускага інстытута народнай гаспадаркі плённа пачала працаваць на педагагічнай ніве.

Зараз Ірына Мікалаеўна працуе ў ДУА “Мачульская базавая школа” бібліятэкарам, настаўнікам музыкі і кіруе гурткамі творчай накіраванасці.

Ірына Мікалаеўна – кіраўнік узорнага дзіцячага аб’яднання аматараў фальклору  “Згадка” Мачульскага сельскага дома фальклору.

З 2004 года Ірына Ляшкевіч – член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Яе творы з’яўляліся і з’яўляюцца на старонках абласных і рэспубліканскіх газет і часопісаў. Сярод іх можна назваць часопісы “Маладосць”, “Крыніца”, “Роднае слова”, альманах “Вытокі” (выдаецца ў г. Лунінцы пад рэдакцыяй журналіста Вадзіма Жылко).

У Ірыны Ляшкевіч чацвёра дзяцей, якія таксама прыгожа спяваюць і спрабуюць пісаць вершы:  Вольга, Барыс, Марыя і Таццяна.

Ірына Мікалаеўна, як Вы знаходзіце час для заняткаў любімай справай? І што  для  Вас значыць творчасць?

– Творчасць падтрымлівае мяне, дае сілы жыць, працаваць. З самага дзяцінства разам са мной песня, танцы. Я вельмі люблю сваю зямлю, беларускую мову, якой карыстаюся ў паўсядзённым жыцці. Часта спяваю ў час працы, словы песні прыходзяць у галаву падчас хадзьбы. У нашай сям’і ні адно свята не абыходзіцца без песні. Канкрэтны час для гэтага я не выбіраю: калі душа жадае, тады і спяваю. Канечне, калі не ўлічваць заняткі з дзецьмі і выступленні на канцэртах.

Ад прыроды ў Вас прыгожы голас, Вам падабаецца спяваць. А адкуль бярэцца натхненне, як яно прыходзіць?

– Адкуль бярэцца натхненне? Шчыра адкажу: натхненне бярэцца з усяго таго, што акружае. Натхняе мяне і родная прырода, і любімая вёска. Мой дом, як Вы бачыце, знаходзіцца на ўскраі вёскі. За маім агародам – лес і рэчка Моўства. Натхняюць дзеці. Вось гэта і ёсць крыніца маёй творчасці. Натхняе мяне і беларуская мова, і народная творчасць.

Ірына Мікалаеўна, як атрымалася так, што Вы, валодаючы здольнасцямі да музыкі, пайшлі вучыцца менавіта ў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі?

– Туды я паступіла з-за парад родных. Мая мама не вельмі хацела, каб я звязвала жыццё са школай. Таму на сямейнай радзе было вырашана, куды мне пайсці вучыцца. Але культура, фальклор, побыт беларускага народа ніколі не пераставалі цікавіць. Падчас вучобы ў інстытуце я была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці, з задавальненнем прымала ўдзел у  культурных мерапрыемствах нашай “Alma-Mater”. Тады я ўпэўнілася, што бухгалтарам або эканамістам мне не быць. Таму я амаль не працавала  па атрыманай спецыяльнасці, аднак, маючы музычную адукацыю, плённа пачала працаваць на педагагічнай ніве ў школе маёй роднай вёскі.

 У 2011 годзе аматарскаму аб’яднанню прыхільнікаў фальклору  “Згадка”, якім Вы кіруеце, прысвоена званне ўзорны. Калі быў створаны гэты калектыў і што ён для Вас значыць?

– Так, мы атрымалі пачэснае званне ўзорны. Гэта азначае, што справа па захаванню духоўнай спадчыны беларусаў калектывам “Згадка” – патрэбная, таму мы будзем імкнуцца падтрымліваць гэта прызнанне. Наогул наш  калектыў пачынае сваю гісторыю з 1989 года, першымі яго ўдзельнікамі былі школьнікі і творчая моладзь вёскі.  Зараз у “Згадцы” 17 дзяцей і падлеткаў. Рэпертуарам з’яўляюцца народныя песні нашых мясцін. Удзельнікамі калектыву ладзяцца фальклорныя пастаноўкі, мы займаемся захаваннем абрадаў палешукоў. Сярод самых значных, яркіх выступленняў 2012 года лічу  ўдзел у раённым  свяце “Тройца”, у кірмашы на чарговым пленэры ганчароў у в. Гарадная, удзел у фестывалі “Покліч Палесся”, на свяце нашай вёскі ў кастрычніку месяцы.

 Сярод Вашых захапленнеў пэўнае месца займае паэзія: нездарма бібліятэчкай часопіса “Маладосць” у 2000 годзе  выдадзены Ваш зборнік паэзіі “Сувой”. Ірына Мікалаеўна, а ці заўжды Вас цікавіла паэзія?

– Не скажу, што паэзія мяне цікавіла заўжды. Але  ў час вучобы ў школе ведала шмат  беларускіх паэтаў і празаікаў, у нашым доме заўжды былі кнігі. Магчыма, гэта з-за таго, што мая маці працавала настаўніцай роднай мовы і літаратуры ў Мачульскай школе. З дзяцінства я спявала і вельмі любіла гэта рабіць. Мне было цікава ўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці, а яшчэ падабалася дэкламаваць вершы.

 Калі Вы ўпершыню пачалі пісаць вершы? Што стала штуршком для з’яўлення першых твораў?

– Стаць паэтам я ніколі не марыла, ніколі не ставіла гэта  ў якасці сваёй самамэты. Дзесьці пасля 26-27 год прыйшло адчуванне і пачала пісаць вершы.

А вершаў на якой мове ў Вас больш? У зборніку “Сувой” усе вершы напісаны па-беларуску. Сярод рукапісаў ёсць рускамоўныя творы?

– Самыя першыя вершы былі напісаны на рускай мове. Іх не так шмат. Усе астатнія напісаны на беларускай мове. Я люблю сваю мову і лічу, што яна самая мілагучная і прыгожая. На роднай мове лёгка выкладаю свае думкі.

Якім чынам выбіраеце вершаваныя формы для напісання паэтычных твораў?

– Шчыра кажучы, я ніколі не задумваюся ў якой форме пісаць верш. Ён прыходзіць мне ў галаву, і я стараюся хутчэй занатаваць. Калі гаварыць пра памеры, то ёсць розныя па велічыні вершы. Адносна жанравых форм хачу сказаць, што ёсць у мяне трыялеты, форму якіх я выкарыстала наўмысна. Сярод рукапісаў ёсць вершы, якія лічу падобнымі да рамансаў. Шмат у мяне чатырохрадкоўяў філасофскай тэматыкі.

 Ірына Мікалаеўна,  працэс напісання вершаў доўгі ці не?

– Бывае, што села і адразу напісла. Здараецца, што праз некаторы час магу ўзяць даўно напісаны верш і пераправіць яго.

 Якім чынам Ваша творчасць дапамагае ў жыцці?

– Дапамагае, падтрымлівае вельмі добра. У маім жыцці час ад часу адбываюцца пэўныя змены, якія прымушаюць перажываць, хвалявацца. Сваімі пачуццямі я дзялюся з папераю. Бывае, што знішчаю свае вершы і іх мне не шкада. Мне становіцца лягчэй, калі пішу. Радасць таксама выліваецца ў паэтычныя радкі. Таму магу смела адзначыць, што паэзія разам з музыкай  і песняй – мае верныя сябры.

Дзякуй вялікі, Ірына Мікалаеўна, за сустрэчу. Здароўя і незгасальнага натхнення Вам!

– І Вам усяго добрага!

 

А Вашай увазе, паважаныя наведвальнікі сайта, прапануем некалькі вершаў Ірыны Ляшкевіч са зборніка “Сувой”.

 

Памяці давід-гарадоцкага майстра музычных інструментаў прысвячаецца

Кажуць, цела адно памірае,

А душа застаецца, жыве.

І нябачна, заўжды маладая

Аблачынкай па небе плыве.

І твая неўміручасць, Музыка,

Майстра гукаў, ладоў, галасоў –

У баяне маім, што нязвыкла

Разліваецца столькі гадоў!

Хай класічнага ў гуках тых мала.

Знаўца скрывіцца, зморшчыць свой твар.

Ды душа твая шчодра ўвабрала

Плёскат рэчкі, рабіны пажар.

Гукі родных палёў і балотаў,

Пералівы начных салаўёў,

Цішу раніцы, шолам чароту

Ты ў баяне вянком пераплёў.

Я вучуся цябе разумеці.

Нашы душы даўно – унісон.

Чуеш, Майстра, растуць мае дзеці,

І баян заспявае твой зноў!

Выразала ночка выцінанку,

На бярозы вешала рупліва.

Адарыць людзей чароўным ранкам

Раптам ёй схацелася, мажліва.

У тасёмкі, белыя карункі

Да вянца каліну прыбірала.

Ад начных марозных пацалункаў

Чырванела тая й застывала.

Саламяных зорак карагоды

Ды кружэлка поўні залатое

Асвячалі з гэтае нагоды

Кожны кусцік, дрэўца маладое.

Нахапіўся ранак неспадзеўку,

Дзіўнай казкай наваколле стала.

Ды ніхто не ўспомніў чарадзейку,

У праменнях славы сонца ззяла.

 

 

Чаканне… Вечнае чаканне

Чагосьці светлага ў жыцці.

І лёс даруе нам каханне,

Каб тут жа шчасце ў ім знайсці.

А мы зусім не там шукаем,

Гады губляючы дарма.

На лёс панура наракаем,

Што шчасця не было й няма.

Каханне ж птушкаю вясновай,

Цудоўнай песняю, дажджом,

Вятрыскам лёгкім, першым громам

Кранула сэрца і прайшло.

 

Сярод сваіх балот

Хаджу я каралеўнай.

Мне шэпча штось чарот,

І шэпт такі напеўны.

Тут таямніц

І скарбаў ёсць прыстанак

З каханым на дваіх

Дзялілі ноч і ранак.

Займела з песняй я

Нябёсаў бласлаўленне.

Тут род мой і зямля,

Дзяцінства і сталенне.

Крыжы і бальшакі,

Спавітыя туманам…

Паверце, землякі,

Я вам чужой не стану.

 

Вясковае

Калядны вечар сцеле сцежкі

Па срэбна-беламу сняжку.

У вокнаў цёплыя ўсмешкі,

Дзявочы смех у кажушку.

Рассекла цішу песня смела,

Гармонік весела дагнаў.

Аж да нябёсаў даляцела!

Аж маладзік затанцаваў!

Спраўляла свята наваколле.

І ўдоўж і ўпоперак сяла

Гулянкі ладзілі, застоллі…

І зорка велічна плыла.

З гуртом і я калядавала,

А радасны псаломны спеў

І неба зорнае натхнялі

Спяваць усіх, хто і не ўмеў.

У хату шчыра запрашалі.

Мароз ахвоты надаваў.

І пажаданні, як каралі,

Наш хмельны розум рассыпаў.

Змарнелыя заснулі зоркі,

І плёўся ўслед стамлёны цень.

У шэрай мройнасці за ўзгоркам

Расплюшчваў вочы новы дзень.

Афиша